|   Удава зніклага журналіста Змітра Завадскага Святлана Завадская звярнулася ў Савет міністраў. Яна прапануе прыняць і ратыфікаваць Міжнародную канвенцыю для абароны ад гвалтоўных знікненняў, прынятую ў снежні 2006 года. Разам з ёй зварот падпісалі Сяржук Бахун і Раман Кісляк. 
26 сакавіка 2012 года пачала працу другая сесія Камітэту ААН па гвалтоўным знікненням, тым часам Беларусь дагэтуль не падпісала і не ратыфікавала Канвенцыю, адзначаецца ў звароце. 
                    Падпісанты звароту падкрэсліваюць, што прытрымліваюцца меркавання тых, хто лічыць, што Канвенцыя дзяржавы падпісваюцца не таму, што ў іх пытанне знікненняў актуальнае або неактуальнае, а таму, што гэтыя дзяржавы, як цывілізаваныя нацыі асуджаюць такую практыку ў прынцыпе, дзе б гэта не адбывалася. 
                    Аўтары звароту просяць даручыць міністру замежных спраў падпісаць Міжнародную канвенцыю для абароны ад гвалтоўных знікненняў і ўнесці ў парламент законапраект па яе ратыфікацыі. 
                    Праваабаронцы адзначаюць, што праблема гвалтоўных знікненняў для Беларусі актуальная. У 1999 годзе ў краіне зніклі экс-міністр унутраных спраў Юрый Захаранка, віцэ-спікер Вярхоўнага Савета XIII склікання Віктар Ганчар, а таксама прадпрымальнік Анатоль Красоўскі. У 2000 годзе бясследна знік журналіст Дзмітрый Завадскі. 
                  У разгар палітычных кампаній актывістаў апазіцыі неаднойчы затрымлівалі асобы ў цывільным і вывозілі за межы горада. 
                    
                  Наша ніва  |