|   Раніцай 26 красавіка 1986 года адбыўся выбух на 4-м энэргаблёку атамнай электрастанцыі ў Чарнобылі, на памежнай зь Беларусьсю ўкраінскай тэрыторыі. Аварыя на ЧАЭС стала самай буйной тэхнагеннай катастрофай у гісторыі чалавецтва. 
            26 красавіка ў Менску пройдзе жалобныя шэсьце і мітынг. Акцыя дазволеная гарадзкімі ўладамі.  
             У вынiку выбуху на ЧАЭС у паветра, ваду і глебу трапіла ад 50 да 250 мільёнаў кюры, што адпавядае выбуху ня меней як 100 атамных бомбаў. 
            70% радыеактыўных адкідаў прыпала на тэрыторыю Беларусі. Забруджана болей за 23% тэрыторыі краіны. 
            Тэрыторыя ў 155 000 квадратных кілямэтраў да гэтай пары застаецца забруджанай небясьпечнымі ізатопамі цэзію-137 і стронцыю-190, якія маюць вельмі доўгі пэрыяд паўраспаду і будуць небясьпечнымі для людзей на працягу некалькіх стагодзьдзяў. 
            У чыстыя рэгіёны Беларусі пераселена 138 тысячаў грамадзянаў з 470 населеных пунктаў Гомельскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласьцей. 
            Болей за паўтара мільёна чалавек да гэтага часу жывуць на забруджаных тэрыторыях. 
            Паводле «Альтэрнатыўнай справаздачы аб Чарнобылі» (TORCH), якая падрыхтаваная брытанскімі навукоўцамі Іенам Фэйрлі і Дэвідам Самнэрам, 30 краін забруджаныя цэзіем-137 
            Эканамічныя страты Беларусі ад Чарнобыльскай аварыі перавышаюць 235 мільярдаў даляраў ЗША. 
            Беларуская апазыцыя з 1989 году праводзіць у Менску жалобныя шэсьці ў гадавіну аварыі. 
            Член-карэспандэнт Расейскай акадэміі навук Аляксей Яблакаў заявіў, што афіцыйны Менск замоўчвае наступствы чарнобыльскай катастрофы 
             Яблакаў узяў удзел у дыскусіі, якая адбылася ў менскім міжнародным цэнтры імя Яханэса Раў. Ён адзначыў наяўнасьць дэфіцыту добрых, дакладных дадзеных зь Беларусі. 
            «Калі параўнаць дзяржаўныя справаздачы Беларусі, якія публікаваліся 7 гадоў таму і апошнія, то бачна, што дадзеных становіцца меней. І яшчэ больш бачны дэфіцыт гэтых дадзеных, калі мы параўноўваем дзяржаўныя даклады аб наступствах Чарнобыля, апублікаваныя ў Беларусі, Расеі і Ўкраіне. Ўкраіна падае самыя падрабязныя дадзеныя і мы там можам знайсьці шмат інфармацыі па ўплыву Чарнобыля і на здароўе людзей, і на прыроду. І чамусьці гэтыя дадзеныя адсутнічаюць у беларускіх дакладах, асабліва аб уплыве на здароўе чалавека. Тое ж самае ў расейскіх. Таму цягам апошнім сямі гадоў можна бачыць, па аналізу публікацый, што ў Беларусі яўна заглушаюць чарнобыльскую інфармацыю», — заявіў Яблакаў. 
            Чарнобыль у паламаных храмасомах будзе перасьледаваць нас некалькі пакаленьняў .У сямі  пакаленьнях будзе чарнобыльскае рэха 
              Аляксей Яблакаў 
            Гаворачы аб прычынах замоўчваньня інфармацыі афіцыйным Менскам, навукоўца адзначыў: «МАГАТЭ настаяла на тым, і гэта было зроблена ў 2004 годзе, што час забыцца пра Чарнобыль. І трэба перайсьці ад актыўнай дапамогі ахвярам, перастаць гаварыць пра гэтыя ахвяры і перайсьці да вядзеньня гаспадаркі. Было прынятае палітычнае рашэньне, каб пазбавіцца ад гэтага гнёту. Але гэта дурное рашэньне». 
            «Чарнобыль у паламаных храмасомах будзе перасьледаваць нас некалькі пакаленьняў. У рэшце рэшт у 7 пакаленьнях будзе чарнобыльскае рэха. І мы абавязаны ня згортваць дасьледаваньні і мэдычную дапамогу, а разьвіваць сыстэму дапамогі анкалягічным і эндакрыналягічным захворваньням. Патрэбны мэдычныя кансультацыі, каб людзі, якія ўступаюць у шлюб і хочуць завесьці дзяцей, паглядзелі сумяшчальнасьць, бо ў некаторых выпадках можна папярэдзіць нараджэньне дзяцей са страшнымі прыроджанымі чарнобыльскімі парокамі разьвіцьця. Бо нават глядзець на такіх дзяцей непрыемна, немагчыма без уздрыганьня. На жаль, было прынятае рашэньне, у Беларусі нават у большай ступені, чым у Расеі. Ва Ўкраіне — моцны дэмакратычны складнік у грамадзтве, які не дазваляе замоўчваць наступствы Чарнобылю. А Беларусь гэта дазваляе рабіць», — сказаў слен-карэспандэнт Расейскай акадэміі навук Аляксей Яблакаў. 
              
          Радыё Свабода  |