Зьміцер Дашкевіч адбудзе за кратамі яшчэ сама меней год

28.08.2012

У Глыбоцкай калёніі адбыўся выязны суд над лідэрам «Маладога фронту» Зьмітром Дашкевічам, якога гэтым разам абвінавацілі ў непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі.

Год зьняволеньня. Такім было рашэньне выязнога суду, на якім 28 жніўня ў Глыбоцкай калёніі зноў судзілі лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча. Паводле Насты Палажанкі, нявесты і паплечніцы Дашкевіча, у гэты тэрмін залічаныя тыя 4 месяцы, якія яшчэ мусіў адбыць Зьміцер паводле ранейшага прысуду. Раней актывіст быў пакараны на 2 гады зьняволеньня, і той тэрмін сканчаўся 18 сьнежня гэтага году. Такім чынам, калі ня будзе новых прысудаў, Зьміцер Дашкевіч выйдзе на волю 28 жніўня 2013 году, разьлічвае Наста Палажанка.

Вось што нявеста і паплечніца Дашкевіча сказала пра сам прысуд:

«Тут у калёніі нават супрацоўнікі, зь якімі мы кантактавалі, зьдзіўляюцца такому жорсткаму прысуду. Як правіла, даюць 3 месяцы на дадатак. Было безьліч варыянтаў. Яны маглі даць тое, што зусім не ўплывае на ягоны былы тэрмін, прыкладам, залічыўшы тыя 6 месяцаў ПКТ, якія Зьміцер ужо адбыў. Круціцца можна было па-рознаму, але яны абралі самы горшы варыянт».

Паводле Насты Палажанкі, пасьля атрыманьня зьвестак пра рашэньне суду адвакат спрабаваў высьветліць падрабязнасьці працэсу і тое, ці будзе Зьміцер Дашкевіч абскарджваць прысуд. Пакуль зьвестак ад адваката не было. Вядома, што раней апазыцыянэр не прызнаваў абвінавачаньня ў непадпарадкаваньні, ня ўдзельнічаў у сьледчых дзеяньнях і нават адмовіўся ад паслугаў адваката. Наста Палажанка мяркуе, што прысуд яе жаніха не зламае:

«Зьміцер усёй сваёй дзейнасьцю ў „Маладым фронце“ засьведчыў, што ніякія рэпрэсіі яго ніколі не засмучалі. Ён цудоўна разумее, што дзеля ідэалаў свабоды, справядлівасьці і дэмакратыі ў гэтай краіне трэба ахвяроўваць. Ён перакананы, што не зьдзяйсьняў нейкіх злачынстваў, ён перакананы, што ўсё робіць згодна з Божай маральлю і сваім сумленьнем. Таму тыя спадары, якія прыдумляюць яму гэтыя бясконцыя тэрміны, мусяць расчаравацца, бо ў іх нічога не атрымаецца. Такія людзі, як Зьміцер, заўсёды застануцца моцнымі».

Пазьней сталі вядомыя некаторыя падрабязнасьці працэсу і тое, як Зьміцер Дашкевіч адрэагаваў на прысуд. Вось што паведаміла Наста Палажанка перад ад’ездам з Глыбокага ў Менск:

«Ён ня ўдзельнічаў у працэсе, адразу назваўшы яго цыркам, сказаўшы, што не зьбіраецца ў ім удзельнічаць. Не даваў ніякіх паказаньняў, нават не падымаўся зь месца. І адмовіўся ад апошняга слова. Усяго супроць яго сьведчылі 36 чалавек. Але ён ні ў чым не прызнаў сябе вінаватым. Абскарджваць прысуд не зьбіраецца, бо ня бачыць у гэтым сэнсу».

Паводле Насты Палажанкі, настрой у Зьмітра Дашкевіча нармальны, на здароўе ён ня скардзіўся. Раней актывістка казала, што ўжо сёньня Зьмітра павязуць этапам у Віцебскае СІЗА. Паводле апошняй інфармацыі, этапаваньне можа быць адкладзенае на некалькі дзён.

Таксама Наста Палажанка падзялілася сваімі назіраньнямі за абстаноўкай вакол працэсу ў Глыбокім. «Заўважна, што ў горадзе шмат міліцыянтаў, а вакол калёніі было шмат супрацоўнікаў у цывільным. На ўезьдзе ў Глыбокае нас спыніла міліцыя і ў мяне запатрабавалі паказаць пашпарт, інакш пагражалі адвезьці ў райаддзел», — паведаміла Наста Палажанка.

На два гады Зьміцер Дашкевіч быў асуджаны за інцыдэнт, які адбыўся за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Паводле суду, ён разам з паплечнікам з «Маладога фронту» Эдуардам Лобавым нібыта зьбіў мінакоў на вуліцы Янкі Брыля ў Менску. Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў на працэсе заявілі пра правакацыю спэцслужбаў, накіраваную на тое, каб ізаляваць іх напярэдадні выбараў і наступных акцыяў пратэсту.

Спачатку Зьміцер Дашкевіч адбываў пакараньне ў калёніі ў Горках. Адтуль яго як злоснага парушальніка рэжыму перавялі ў Глыбоцкую калёнію. Там вязьня трымалі ў асноўным у ПКТ і некалькі разоў у карцэры. Апошні раз з карцэру Дашкевіча вызвалілі за 4 дні да сёньняшняга суду.