Павал Шарамет: «Дзень народзінаў Завадзкага — сьвята са сьлязьмі на вачах»

28.08.2012

Сям’я Завадзкага — маці Вольга Рыгораўна, жонка Вольга, сын Юры — цяпер не адзначаюць дзень народзінаў Зьмітра, бо для іх гэта вельмі балюча. Радыё Свабода павіншавала Вольгу Рыгораўну:

«Дзякуй вялікі, дзякуй».

Карэспандэнтка: «Скажыце, можа, ёсьць нейкія зрухі, навіны ў справе Зьмітра?»

«Нічога, нічога. Чым далей, тым больш цішыні. Вось ужо 12 год прайшло, трынаццаты пайшоў, як зьнік сын. А там хутка ўжо 15, і тады ўжо можна будзе закрыць справу, як кажуць, „за сканчэньнем тэрміну даўнасьці“».

Карэспандэнтка: «Вольга Рыгораўна, а ўсё ж у сям’і, з унукам вы неяк адзначаеце, узгадваеце дзень народзінаў Дзімы?»

«Не. Толькі сама. Сьвятлана тэлефануе. А ўнук Юры нешта даўно не званіў. А наагул мы кантактуем. І Сяржук, муж Сьвятланы, да мяне прыходзіць. Мы сябруем».

Сябар і калега Зьмітра Завадзкага Павал Шарамет кажа:

«Мы кожны раз памятаем і дзень, калі Зьміцер быў выкрадзены, і дзень ягонага нараджэньня. Дзень народзінаў — гэта такое складанае для ўсіх ягоных блізкіх сьвята, таму што вельмі балюча. Гэта сапраўды сьвята са сьлязьмі на вачах. Але ніхто нічога не забыўся. І Першы канал, дарэчы, дагэтуль падтрымлівае сям’ю. Проста прайшло шмат гадоў, і падаецца, што ўсё гэта пакрылася такім покрывам гісторыі і часу. Але ўсё гэта ня так. Такія справы ня маюць тэрміну даўнасьці. Мы проста чакаем нейкіх істотных пераменаў у беларускім жыцьці, каб завяршыць і гэтую трагічную гісторыю».

Пачынаючы з 2000 году, пракуратура чатыры разы закрывала і аднаўляла расьсьледаваньне справы аб зьнікненьні Зьмітра Завадзкага. Апошні раз крымінальная справа была прыпынена ў красавіку 2006 году.