«Сьледчыя чакаюць 15-ці гадоў, каб закрыць справы зьніклых»

30.08.2012

30 жніўня — Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных зьнікненьняў. 20 гадоў таму была прынятая Дэклярацыя аб абароне ад гвалтоўных зьнікненьняў, а нядаўна ўступіла ў сілу аналягічная Міжнародная канвэнцыя.

На думку незалежных экспэртаў, у многіх краінах сьвету выкраданьні людзей дагэтуль служаць спосабам запалохваць грамадзтва. У Беларусі таксама здараліся гвалтоўныя выкраданьні людзей — ад крымінальных аўтарытэтаў Уладзімера Кляшча па мянушчы Шчаўлік і Аляксандра Трацэўскага — да апазыцыйных палітыкаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара ды іншых.

У Беларусі за час кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі ня раз зьнікалі вядомыя палітыкі і грамадзкія дзеячы: у траўні 1999 году былы міністар унутраных спраў, генэрал Юры Захаранка, у верасьні таго ж 99-га — віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету, экс-старшыня ЦВК Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі, у ліпені 2000 году — тэлеапэратар Зьміцер Завадзкі. Злачынствы дагэтуль не раскрытыя.

??Старшыня грамадзкай камісіі па зьнікненьнях людзей Алег Воўчак: «Па трох справах — Захаранкі, Ганчара і Красоўскага — афіцыйна расьсьледаваньні вядуцца, а па справе Завадзкага справа была прыпыненая «з прычыны невызначэньня асобаў, якія зьдзейсьнілі злачынства».

Карэспандэнтка: «Але нейкія сьледчыя дзеяньні вядуцца?»

«Яны нам дасылаюць паведамленьні, што кожныя 3 месяцы сьледзтва працягваецца, пра падрабязнасьці мы будзем дадаткова праінфармаваныя. Але ні пра што нам за 13 гадоў так і не паведамілі. Я думаю, што ніхто нічога ня робіць. Проста ляжаць гэтыя справы, а сьледчыя чакаюць, калі пройдуць 15 гадоў, каб закрыць справы «з-за сканчэньня тэрміна даўнасьці».

Аляксандар Лукашэнка яшчэ гадоў 10 таму не адзін раз абяцаў: «Мы павінны знайсьці гэтых людзей, асабліва Дзіму». Кіраўніцтва краіны пра зьніклых даўно ўжо ня ўзгадвае. Апошні раз крымінальная справа па зьнікненьні Зьмітра Завадзкага была прыпыненая ў красавіку 2006 году, распавядае маці Зьмітра Вольга Завадзкая:

??«Ніякіх пэрспэктываў пакуль няма. Справа прыпыненая ўжо 6 гадоў таму. У апошнім лісьце, які нам прыслалі, напісана так: у сувязі з тым, што ня знойдзены, так бы мовіць, прадмет пошуку, то бок Дзьмітрый Завадзкі, сьледзтва прыпыняецца. І чым далей, тым больш відавочна, што нічога ня робіцца. Вось ужо 13-ты год пайшоў, а там ужо хутка і 15 — і па сканчэньні тэрміну даўнасьці яны прыкрыюць гэтыя справы».

Міжнародная супольнасьць, праваабаронцы, апазыцыя сьцьвярджаюць, што ў краіне пад прыкрыцьцём уладаў дзейнічаюць «эскадроны сьмерці». Калега і сябар Зьмітра Завадзкага Павал Шарамет правёў некалькі журналісцкіх расьсьледаваньняў пра зьнікненьні ў Беларусі і зьняў дакумэнтальны цыкль «Дзікае паляваньне»:

??«Я цалкам перакананы, што справы не раскрываюцца толькі з-за сабатажу з боку беларускіх уладаў. Таму што да гэтай пары і ў спэцслужбах, і ў кіраўніцтве краіны ёсьць тыя чыноўнікі і палітыкі, якія маюць непасрэднае дачыненьне да выкраданьня і забойства людзей. Прасьвет у справе Завадзкага, як і ў справе іншых выкрадзеных у Беларусі людзей, будзе толькі пасьля таго, як зьменіцца ўлада».

Старшыня грамадзкай камісіі па зьнікненьнях людзей Алег Воўчак таксама перакананы:

«Вядома, рана ці позна любое злачынства будзе раскрыта»

Карэспандэнтка: «Але як хутка?»

«Як хутка? Не пры гэтай уладзе. Таму што многія рэчы паходзілі ад гэтай улады. І праўда стане вядомая толькі пры дэмакратычным урадзе».

А за гэты час зьехалі за мяжу жонка і дзеці Захаранкі, зьехала і жонка Красоўскага Ірына, вырас і пасталеў бяз бацькі сын Завадзкага Юры, так і не дачакалася сына маці Ганчара Валянціна Адамаўна — памерла ў 2005 годзе.

А 88-гадовая маці Юрыя Захаранкі Ўльяна Рыгораўна ўсё яшчэ спадзяецца:

«Прайшло столькі гадоў… І куды яны іх дзелі, што зь імі зрабілі? Гэта ж ня можна перажыць. Я ж дзень і ноч плачу, усё ўзгадваю. Я плачу дзень і ноч…»