Датычны да эскадронаў смерці Андрэй Васільеў напісаў прашэнне аб памілаванні

04.12.2012

Сусед па камеры кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча былы намеснік камандзіра вайсковай часці 3214 Міністэрства ўнутраных спраў Андрэй Васільеў напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі,паведаміла жонка Статкевіча Марына Адамовіч.

Паводле яе слоў, дадзеная інфармацыя трапіла ёй з «надзейных крыніц», якім яна давярае.

Нагадаем, Андрэй Васільеў, былы намеснік камандзіра в/ч 3214 унутраных войскаў па фізічнай падрыхтоўцы, у 2002 годзе быў асуджаны Беларускім ваенным судом да 21 года пазбаўлення волі за забойства дзяўчыны.

У адной з серый паказанага летась па НТВ фільма «Хросны бацька» было заяўлена, што Андрэй Васільеў ніколі не ўтойваў свайго асабістага ўдзелу ў выкраданні і забойствах лідараў апазіцыі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага ў 1999–2000 гадах. Сам Васільеў у эфіры ОНТ абверг сваё дачыненне да «эскадронаў смерці».

«Мікалай кажа, што Васільеў, безумоўна, абвяргае сваё дачыненне да „эскадронаў смерці“ і да забойстваў. Яны сядзяць разам з сакавіка 2012 года. Дзесьці ў канцы сакавіка Васільева перавялі з Наваполацкай калоніі ў турму і пасадзілі непасрэдна ў камеру да Мікалая», — сказала Адамовіч.

Паводле слоў Марыны Адамовіч, якіх-небудзь заўваг адносна свайго сукамерніка Статкевіч не выказваў.