|   Глабальную акцыю ў падтрымку палітвязня, старшыні  Праваабарончага цэнтра “Вясна” і віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы  чалавека (FIDH),  распачынае праваабарончая арганізацыя Amnesty International. 
            Міжнародны марафон па напісанні лістоў Amnesty International пройдзе  з 7 па 16 снежня пад лозунгам “Пішам за правы! Даможамся пераменаў!”. Каб  прыняць удзел у марафоне, кожны жадаючы можа спампаваць паштоўку для Алеся Бяляцкага (на сайце  арганізацыі яна ёсць на пяці  мовах – англійскай, іспанскай, рускай, французскай, арабскай), раздрукаваць і  даслаць палітвязню, паведамляе  Праваабарончы цэнтр Вясна. 
Відэа, у якім распавядаецца пра беларускага  праваабаронцу, зняволенага за сваю дзейнасць, перакладзена на 11 моваў. 
            Акрамя таго, Amnesty International заклікае ўдзельнікаў  марафону падпісацца пад петыцыяй, адрасаванай беларускім уладам,  азнаёміўшыся перад гэтым з гісторыяй Алеся Бяляцкага:  
            "Алесь  Бяляцкі – бачны праваабаронца з Беларусі і старшыня Праваабарончага цэнтру  "Вясна". Яго арыштавалі 4 жніўня 2011 г., а 24 лістапада 2011 г.  Алеся Бяляцкага прысудзілі да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі. Amnesty  International мяркуе, што яго кінулі ў турму, каб перашкодзіць яму абараняць  правы чалавека, і лічыць яго вязнем сумлення. 
            Алеся  Бяляцкага пазбавілі волі за тое, што яго асабістыя банкаўскія рахункі ў Літве і  Польшчы выкарыстоўваліся для фінансавання праваабарончай дзейнасці яго  арганізацыі ў Беларусі. Беларускія ўлады з 2003 г. адмаўляюць Праваабарончаму  цэнтру "Вясна" ў рэгістрацыі. У выніку гэтая арганізацыя не мае права  адкрыць уласны банкаўскі рахунак у Беларусі, і ёй нічога не застаецца, акрамя  як карыстацца банкаўскімі рахункамі ў суседніх краінах для фінансавання сваёй  праваабарончай дзейнасці. 
            Суд над  Алесем Бяляцкім не быў справядлівым. Шэраг прадстаўленых доказаў не праходзілі  праверку на сапраўднасць, а некаторыя паказанні даваліся ананімна. Пытанні,  зададзеныя сведкам, у пэўных выпадках мелі дачыненне не да прад’яўленых  абвінавачванняў, а да праваабарончай дзейнасці Алеся Бяляцкага і саміх сведак. 
            Выкажыце  салідарнасць з Алесем Бяляцкім, напісаўшы ўладам Беларусі ліст у яго падтрымку!" 
            Міжнародны марафон па напісанні лістоў – штогадовая  праваабарончая акцыя Amnesty International, якая праходзіць па ўсім   свеце ў снежні. Марафон прымеркаваны да Дня правоў чалавека 10 снежня -   менавіта ў гэты  дзень у 1948 годзе Генеральная Асамблея ААН прыняла Усеагульную   дэкларацыю  правоў чалавека. Кожны год у гэты час сотні тысяч людзей з розных   краінаў выступаюць у абарону тых, чые правы сур'ёзна парушаюцца  ўладамі.  
            Сёлетнім марафонам Amnesty International прыцягвае ўвагу міжнароднай грамадскасці да лёсаў чатырох асобаў – беларускага  праваабаронцы-вязня Алеся Бяляцкага, Хусэйна Салема Махамеда Альмерфедзі,  які з 2003 года ўтрымліваецца на ваенна-марской базе ЗША ў Гуантанама-Бей, Чыоу Хо-Шунь, які з 1989 года  знаходзіцца ў тайваньскай камеры смяротнікаў, іранскай праваабаронцы Наргез Махамадзі,  асуджанай да 6 гадоў пазбаўлення волі, а таксама суданскай моладзевай  арганізацыі “Гірыфна” ("З нас хопіць!"),  сябры якой пераследуюцца з 2009 года. Пра іх гісторыі можна даведацца на сайце арганізацыі. 
                           |