|   Былы начальнік дэпартамента крымінальнага вышуку МУС Украіны Аляксей Пукач прысуджаны да пажыццёвага зняволення за забойства ў 2000 годзе журналіста Георгія Гангадзэ. Такое рашэнне прыняў Пячорскі суд Кіева. У апошнім слове пасля абвяшчэння прысуду Пукач заявіў, што будзе згодны з прысудам толькі тады, калі побач з ім на лаве падсудных будуць былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма ды былы спікер Вярхоўнай Рады Украіны Уладзімір Літвін. 
            Паводле следства, прычынай забойства Георгія Гангадзэ сталі артыкулы пра карупцыю ў найвышэйшых эшалёнах украінскай улады, якія ён публікаваў у заснаваным ім інтэрнэт-выданьні "Украінская праўда". 
            Я з нецярпеннем чакала прысуду па справе Гангадзэ, зазначыла жонка зніклага беларускага аператара Змітра Завадскага Святлана. 
            Святлана Завадская: 
            — Я вельмі рада за саму краіну, што гэта стала магчымым. Змяніліся прэзідэнты — Юшчанка, Януковіч. І ўсё такі гэта справа даведзена да лагічнага завяршэння. Хаця, канешне, родныя Гангадзэ кажуць пра тое, што яшчэ не ўсе вінаватыя адказалі за гэтае злычынства. Але ўсё ж такі нешта. Хацелася, канешне, каб і ў нас было магчымае такое. Усё залежыць ад улады. Калі зменіцца гэтая ўлада, мы нешта будзем ведаць. 
            Крымінальныя справы па фактах знікнення беларускіх палітыкаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага і тэлеаператара Змітра Завадскага афіцыйна працягваюцца, аднак яны могуць быць афіцыйна закрытыя праз 15 гадоў ад моманту знікнення з-за заканчэння тэрміну даўнасці. У датычнасці да знікненняў у Беларусі таксама як ва Украіне падазраюцца высокапастаўленыя сілавікі. 
              
            Зміцер Косцін 
          Беларускае Радыё Рацыя                |