Штраф за акцыю ў памяць Завадзкага — 2,5 мільёна

13.07.2013

Павал Пракаповіч выйшаў з партрэтам зьніклага тэлеапэратара Зьмітра Завадзкага на плошчу Якуба Коласа.

Павал Пракаповіч рашэньнем Савецкага суду аштрафаваны на 25 базавых велічыняў. Гэта 2 500 000 беларускіх рублёў.

«Я ня ведаю месца, куды б я мог прыйсьці і ўскласьці кветкі Зьмітру Завадзкаму. Калі б мне сказалі, дзе гэтае месца, дзе яго магіла, я б прыйшоў туды. А так я павесіў партрэт, усклаў кветкі і запаліў зьнічкі на тым месцы, якое было бліжэйшым да мяне, на тым, дзе шмат людзей. Вось паплаціўся за гэта. Адседзеў амаль суткі на Акрэсьціна, цяпер мушу заплаціць грошы»

Актывіста судзілі на падставе пратаколу па артыкуле 23.34 КаАП РБ (арганізацыя альбо ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

Яго затрымалі ў Менску 7 ліпеня падчас акцыі, прысьвечанай 13-й гадавіне зьнікненьня журналіста Зьмітра Завадзкага. Ён праводзіў акцыю самастойна. Павал разьмясьціў партрэт Завадзкага на плошчы Якуба Коласа.

Пра сваё затрыманьне Павал здолеў паведаміць толькі раніцай 8 ліпеня, ён даслаў СМС, што яго будуць судзіць. Ноч Павал Пракаповіч правёў у турме на Акрэсьціна.

Пракаповіч праводзіў акцыю ў межах кампаніі «Мы не забудзем». А 18-й гадзіне каля ўваходу ў мэтро «Плошча Якуба Коласа» ён усталяваў партрэт Зьмітра Завадзкага і стаў запальваць зьнічкі ў знак памяці пра журналіста, які зьнік 13 гадоў таму. Супрацоўнікі міліцыі падышлі да актывіста і забралі яго ў ізалятар, дзе той і правёў ноч.

Тэлеапэратар Зьміцер Завадзкі зьнік 7 ліпеня 2000 году.

У 1994—1996 гадах Завадзкі працаваў апэратарам Першага каналу Беларускага Тэлебачанья.

З 1997 году — апэратар карпункту тэлеканалу ОРТ у Беларусі.

З лістападу 1999 году да траўня 2000-га працаваў у Чачні.

Зьмітра Завадзкага схапілі 7 ліпеня 2000 году, калі той выправіўся ў аэрапорт Менск-2 на службовым аўтамабілі сустракаць свайго калегу Паўла Шарамета.

Яго машыну пазьней знайшлі ў аэрапарце, але Завадзкага там ужо не было.