17 cтудзеня блізу 60 магілёўцаў наведалі п'есу «Спасцігаючы каханне» Свабоднага тэатра з Менска.
Гісторыю Ірыны Красоўскай, удавы зніклага бізнэсоўца, акторы тэатра распавялі ў доме ў прыватным сектары Магілёва.
На працягу ўсёй пастаноўкі гледачы перажываюць разам з гераіняй Ірынай усе самыя важныя моманты яе жыцця: ад ранняга дзяцінства без бацькі, складанай пары выжывання ў канцы 80-х, да раптоўнага знікнення мужа Анатоля Красоўскага, піша TUT.by.
Перад пачаткам спектакля памочнік галоўнага рэжысёра Святлана Сугака выйшла на сувязь з Мікалаем Халезіным. Галоўны рэжысёр «Свабоднага тэатра» выказаў падзяку гледачам і распавёў, што вельмі рады, што атрымалася давезці гэтую пастаноўку да Магілёва.
Дзякуючы сумленнай ігры актораў паміж гледачамі і тым, што адбываецца на сцэне, усталёўваецца нябачная сувязь. І калі ідылія, пра якую жыва і з гумарам распавядае галоўная гераіня, заканчваецца, глядач аказваецца ў шокавым стане. Многія мужчыны, не кажучы пра жанчын, не змаглі стрымаць слёз праз тое, што разгарнулася пасля рэплікі героя Анатоля: «А потым мяне забілі».
Анатоль сам распавядае пра тое, як яго выкрадалі, і што не было адчування, што гэта ўсё, канец. Што вось-вось здзекі спыняцца і яго пакінуць у спакоі...
Але гэтага не здарылася. «Мяне забілі стрэлам у патыліцу», - кажа вуснамі Анатоля Красоўскага актор «Свабоднага тэатра».
Доўгімі авацыямі праводзіла артыстаў магілёўская публіка. Тройчы галоўным героям прыйшлося выйсці на біс.
|