15 гадоў таму быў выкрадзены невядомымі былы міністар унутраных спраў Юры Захаранка. Як ідзе расьсьледаваньне гэтай справы ды іншых спраў зьніклых палітычных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі? Як склалася жыцьцё сваякоў зьніклых?
Юры Захаранка зьнік 7 траўня 1999 году. Ён стаў першым вядомым апазыцыянэрам, супраць каго ўжылі злачынны мэтад выкраданьня з далейшым бясконцым расьсьледаваньнем справы. Чаму менавіта Захаранка?
Былы супрацоўнік вайсковай контравыведкі Валер Костка нагадвае палітычнае становішча ўвесну 1999 году. Ён згадвае пра тое, як віцэ-сьпікер распушчанага Вярхоўнага Савету Віктар Ганчар арганізаваў альтэрнатыўныя прэзыдэнцкія выбары, на якіх балятаваліся нядаўні прэм’ер Міхаіл Чыгір і лідэр БНФ у выгнаньні Зянон Пазьняк. Гэтыя выбары хоць і праходзілі паўпадпольна, але значна нэрвавалі ўладу. Былы міністар унутраных спраў, генэрал-маёр міліцыі Юры Захаранка ўвайшоў у гэтак званы «нацыянальны камітэт» — апазыцыйны ўрад, які ўзначальваў Генадзь Карпенка. Юры Захаранка, які ў той час ствараў арганізацыю апазыцыйна настроеных афіцэраў пад назвай «Беларускі кангрэс афіцэраў», якраз займаўся сілавой падтрымкай гэтага ўраду. Калі ў красавіку 1999 году заўчасна і загадкава памёр Генадзь Карпенка, Валер Костка быў арганізатарам пахаваньня палітыка. Ён згадаў пра выступ Юрыя Захаранкі на трызьне, які, магчыма, неяк спрычыніўся да падзеяў 7 траўня:
Валер Костка:
«Карпенку як пахавалі, то памінальны стол быў у гатэлі „Кастрычніцкі“. Захаранка вельмі рэзка выступіў, так бы мовіць, з крытыкай рэжыму. Вельмі рэзкія былі ягоныя словы, фактычна гэта быў выклік уладам. І, магчыма, яны сталі імпульсам. Плюс тое, што тады мы разам — Барадач, Захаранка і я — стваралі „Беларускі кангрэс афіцэраў“. Гэты „Кангрэс“ павінен быў аб’яднаць вайскоўцаў, ня толькі пэнсіянэраў, але і тых, хто на службе, за ідэі дэмакратыі. Гэта таксама супярэчыла інтарэсам улады».
Яшчэ праз паўгода, гэтак жа ў цемры, невядомыя скралі Віктара Ганчара і ягонага сябра, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. Яшчэ праз 8 месяцаў, улетку 2000 году, зьнік апэратар ОРТ, былы асабісты апэратар Лукашэнкі Зьміцер Завадзкі. Злачынцаў, якія ўчынілі гэтыя выкраданьні, дагэтуль не знайшлі, а справы аб выкраданьні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага пэрыядычна падаўжаюць.
«Але фактычна не расьсьледуюць», — перакананы былы сьледчы пракуратуры Алег Воўчак, які на грамадзкіх асновах займаўся расьсьледаваньнем спраў зьніклых. Алег Воўчак нагадаў, што ў замаруджаным стане і справа аб прызнаньні Юрыя Захаранкі памерлым. А на якой стадыі цяпер справа аб выкраданьні Захаранкі?
Алег Воўчак:
«Мяркую, на той жа, пра якую было заяўлена ў адказе на запыт дэпутата Фралова генпракурорам Шэйманам. Што Захаранка быў выкрадзены невядомымі асобамі ў такі і такі час, вывезены, робяцца захады для высьвятленьня яго месцазнаходжаньня. А скончыцца ўсё паведамленьнем, што за гэты час ня высьветлены асобы, якія датычныя да яго выкраданьня, таксама ня высьветлена месца яго пахаваньня. Ці месца знаходжаньня».
Алег Воўчак заўважае, што фармальна ў верасьні 2014 году справы Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, заведзеныя за 15 гадоў да таго, увогуле могуць закрыць і здаць у архіў, бо скончыцца тэрмін прыцягваньня да адказнасьці паводле артыкула аб выкраданьні. Праз год тое самае можа здарыцца і са справай Зьмітра Завадзкага:
«Калі грамадзтва не даможацца перакваліфікацыі на артыкул аб злачынстве супроць чалавецтва, які ня мае тэрміну даўнасьці», — заўважае маці зьніклага журналіста Вольга Завадзкая.
Вольга Завадзкая цяпер на пэнсіі, мой званок засьпеў яе падчас хваробы. У жонкі яе сына Сьвятланы падрастае ад другога мужа дачка Адэлька. Вольга Завадзкая ня траціць аптымізму:
«Дзяўчынка вельмі добрая, вельмі актыўная. Справіцца б зь ёй, такое жвавае дзіцё! Яна патрабуе вялікай увагі. Жыцьцё працягваецца, трэба жыць і радавацца».
Былая сям’я Юрыя Захаранкі жыве ў Нямеччыне, у горадзе Мюнстары. Жонка Захаранкі Вольга цяпер не працуе, жыве на дапамогу ад дзяржавы, займаецца здароўем. Дочкі Захаранкі Юля і Алена працуюць. Больш за іншых Захаранкаў інтэграваўся ў нямецкае жыцьцё ўнук былога міністра Кірыл, школьнік. Сваякі кажуць, што па-расейску ён гаворыць зь нямецкім акцэнтам. Сёлета Кірылу спаўняецца 15 год — ён равесьнік выкраданьня свайго дзядулі.
Жонка і сын Віктара Ганчара жывуць у Беларусі. Блізкія сваякі Анатоля Красоўскага — хто за мяжой, хто таксама ў Беларусі.
Алег Грузьдзіловіч
Радыё Свабода |