Ульяна Захаранка і Вольга Завадзкая першымі ў Беларусі паглядзелі фільм «Банда»

11.02.2015

Першы ў Беларусі паказ фільму пра зьніклых апанэнтаў Лукашэнкі адбыўся ў пасёлку Васілевічы Гомельскай вобласьці, адкуль родам Юры Захаранка.

Маці зьніклага экс-міністра Юрыя Захаранкі — Ульяна Захаранка і маці зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага — Вольга Завадзская сталі першымі ў Беларусі гледачамі дакумэнтальнага фільму «Банда», які прысьвечаны тэме зьніклых палітыкаў і журналістаў.

Прыватны прагляд фільму, аўтар якога — праваабаронца Раіса Міхайлоўская, адбыўся 8 лютага ў доме Ўльяны Захаранкі ў пасёлку Васілевічы Гомельскай вобласьці.

«Калі Ўльяна Захаранка глядзела кадры пра свайго сына, у яе былі такія сьветлыя вочы, а потым яна зноў расплакалася і стала каторы ўжо раз пытацца пра тое, што давялося вытрымаць яе сыну ды іншым зьніклым у свае апошнія хвіліны. Тут Вольга Завадзкая, таксама ў сьлязах, сказала, што яны гэтага ніколі не забудуць», — распавяла Свабодзе аўтарка фільму Раіса Міхайлоўская.

Дакумэнтальны фільм «Банда», які распавядае пра лёсы зьніклых беларускіх апазыцыянэраў, дагэтуль шырока не паказаны ў Беларусі, прэзэнтацыя адкладаецца з розных прычын. У канцы 2014 году фільм прэзэнтавалі ў Вашынгтоне ў будынку Капітолію, на пачатку лютага яго паглядзелі праваабаронцы і дыпляматы ў Доме правоў чалавека ў Вільні.

Былы міністар унутраных спраў Юры Захаранка быў выкрадзены невядомымі ўвесну 1999 году, увосень таго ж году зьніклі бясьсьледна былы дэпутат Вярхоўнага Савету, былы віцэ-прэм’ер Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі. У 2000 годзе быў выкрадзены апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі. Лёс зьніклых апазыцыянэраў ня высьветлены да гэтага часу.

Праваабаронцы, якія наведалі Ўльяну Захаранку, таксама павіншавалі яе з днём народзінаў. 6 лютага маці Юрыя Захаранкі споўніўся 91 год.