У гадавіну зьнікненьня Захаранкі ў Менску пакажуць фільм «Банда»

07.05.2015

7 траўня ў сядзібе БНФ пройдзе паказ дакумэнтальнага фільму «Банда», які створаны пры судзеяньні Беларускага дакумэнталістычнага цэнтру.

Фільм прысьвечаны праблеме расьсьледаваньня зьнікненьняў вядомых беларускіх апазыцыянэраў. Шэраг гэтых гучных злачынстваў пачаўся са зьнікненьня 7 траўня 1999 году былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, за якім праз год зьніклі былы старшыня Цэнтравыбаркаму, віцэ-прэм’ер і дэпутат парлямэнту Віктар Ганчар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі, журналіст Зьміцер Завадзкі.

З суаўтарам сцэнару фільму, вядомай праваабаронцай Раісай Міхайлоўскай напярэдадні паказу паразмаўляў карэспандэнт Свабоды.

— Фільм «Банда» быў упершыню паказаны ў канцы мінулага году ў ЗША, і вось толькі зараз яго пакажуць у Беларусі. Чаму такая вялікая паўза?

— Сапраўды, фільм першы раз гледачы ўбачылі ў сьнежні 2014 году, і гэта было ў Кангрэсе ЗША. Але з таго часу фільм ужо некалькі разоў дэманстраваўся на тэрыторыі Беларусі, толькі што не праз адкрыты паказ. Мы паказвалі фільм маці Юрыя Захаранкі Ўльяне Захаранцы і сваякам іншых зьніклых, паказвалі дыпляматам амбасадаў замежных краін, якія працуюць у Менску, у чым дапамаглі амбасады Вялікабрытаніі і Чэхіі. Таксама адбыўся паказ фільму ў беларускім Доме правоў чалавека ў Вільні для беларускіх праваабаронцаў. А цяпер будзе адкрыты паказ для ўсіх, хто пажадае ўбачыць фільм, у Менску. Мы запрашаем сёньня ў офіс БНФ. А 18-й гадзіне адбудзецца паказ, потым — прэсавая канфэрэнцыя і сустрэча са сваякамі зьніклых.

— Ужо было вядома, што вы суаўтар сцэнару фільму, а хто яшчэ яго ствараў?

— Ідэя фільму належыць мне, а сцэнар мы пісалі разам з журналісткай Марынай Бяляцкай. Рэжысэрамі былі Яўген Шапчыц і Павал Бандзіч, які, на жаль, нядаўна раптоўна памёр. Ён вядомы як аўтар роліку «Схавай бабулін пашпарт». Нам яго вельмі не хапае, тым больш што і пасьля першага паказу, і да апошняга моманту праца над фільмам працягвалася. Фільм скарачалі, карэктавалі, даводзілі да пэўнага фармату. Пры першым паказе фільм быў паўтары гадзіны, потым скарацілі да гадзіны, цяпер стужка доўжыцца 53 хвіліны. Больш рэзаць ужо няма куды, і без таго — рэзалі, як кажуць, па жывому. І тое важна, і гэтае, усё хочацца пакінуць. Некаторыя факты мы прыводзім упершыню, мяркую, гэта будзе вельмі цікава. Людзі, якія паглядзелі фільм, казалі, што быццам бы ўжо даўно гэта было, шмат пра гэта казалі і пісалі, але ёсьць з чаго зрабіць і нейкія адкрыцьці.

— Тэма зьніклых застаецца самай балючай для беларускіх уладаў, асабіста для Аляксандра Лукашэнкі. Аўтары адчувалі ціск у сувязі зь фільмам?

— Не. Што да ціску ў сувязі зь фільмам, дык аўтары яго на сабе пакуль не адчулі, і, спадзяюся, яго ня будзе. Калі ён узьнікне, гэта стане дадатковым доказам таго, што злачынцы — на свабодзе. А менавіта пра гэта наш фільм.

— А якія навіны ў расьсьледаваньні справы Юрыя Захаранкі?

— Яшчэ тры паперкі, вось што новага. Кожныя тры месяцы прыходзіць паведамленьне аб працягу папярэдняга сьледзтва. Больш нічога новага ані па справе Захаранкі, ані па справах Ганчара-Красоўскага і Завадзкага. Заўважу — гучных крымінальных спраў. Мы баяліся, што яны закрыюць справы па сканчэньні 15-гадовага тэрміну ў сувязі з заканчэньнем тэрміну даўнасьці пазову, але гэтага не зрабілі. Сьледчы Вараўка, які вядзе справу Захаранкі, адказаў, што яны не знайшлі асобы, якой можна выставіць абвінавачаньне і адносна якой можна ўжыць гэтыя тэрміны даўнасьці пазову. А паколькі яны не знайшлі такой асобы, то расьсьледаваньне будзе працягнутае. Але паводле гэтай лёгікі можна меркаваць, што расьсьледаваньне будзе працягвацца бясконца, калі ня знойдуць нейкай асобы. У справе зь Юрыем Завадзкім яны знайшлі нейкіх асобаў і правялі судовае расьсьледаваньне, але не знайшлі самога Завадзкага. То бок можна сказаць, што гэта таксама была нейкая імітацыя суду. А ў справах з Захаранкам, Ганчаром і Красоўскім увогуле нічога няма. Асабіста я мяркую, і пра гэта кажуць героі нашага фільму: патрэбна палітычная воля, а яе ў расьсьледаваньні гэтых спраў пакуль няма.