Жонкі зьніклых беларускіх апазыцыянэраў 
                      пасьля паездак у Маскву і Парыж накіраваліся сёньня ў Вашынгтон, 
                      дзе ў іх заплянаваныя сустрэчы з шэрагам уплывовых амэрыканскіх 
                      палітыкаў, прадстаўнікамі мэдыяў і грамадзкіх арганізацыяў. 
                       
                       
                      Сёньня ў Вашынгтон выправілася дэлегацыя беларускіх жанчын, 
                      чые мужы зьніклі або памерлі пры нявысьветленых абставінах. 
                      У дэлегацыі Людміла Карпенка, Сьвятлана Завадзкая, Ірына 
                      Красоўская і Тацяна Клімава. У Вашынгтоне іх чакаюць спачатку 
                      ў Кангрэсе ЗША, дзе адбудуцца сустрэчы з шэрагам ўплывовых 
                      амэрыканскіх палітыкаў.  
                    Асаблівую цікавасьць да беларускай дэлегацыі выказалі ў 
                      Камітэце правоў чалавека амэрыканскага парлямэнту. Людміла 
                      Карпенка, якая ўзначальвае фонд імя Генадзя Карпенкі, празь 
                      які была арганізаваная паездка, кажа, што амэрыканцаў вельмі 
                      непакоіць сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі.  
                    «Ім, вядома ж, хацелася б пачуць, што ў нас у гэтай 
                      галіне стала крыху лепш, але мы ня можам прыхарошваць. Я 
                      ня бачу нейкіх зьменаў да лепшага», — паведаміла мне 
                      перад адлётам у Вашынгтон Людміла Карпенка. Як прыклад, 
                      яна назвала справы зьніклых палітыкаў, якія дагэтуль не 
                      расьсьледаваныя.  
                    (Карпенка: ) «Ужо два гады прайшло, а што зроблена? 
                      Пра Карпенку ўвогуле забыліся, ніхто нічога ня робіць. Колькі 
                      я ні дамагалася расьсьледаваньня прычынаў сьмерці Генадзя, 
                      нічога не атрымалася.  
                    Мне часта задаюць пытаньне — навошта гэта варушыць, пакіньце 
                      ўсё як ёсьць, усё роўна праўды ў нашай краіне ня знойдзеце, 
                      але я не здаюся. Бо тое, што зрабілі з маім мужам, можа 
                      паўтарыцца зь іншымі апазыцыянэрамі. А ўлады нашыя наўмысна 
                      нічога не расьсьледуюць, бо яны самі гэта зрабілі», 
                      — мяркуе Людміла Карпенка.  
                    У Вашынгтоне беларускія жанчыны таксама сустрэнуцца з прадстаўнікамі 
                      амэрыканскіх мэдыяў і грамадзкіх арганізацыяў. «Трэба, 
                      каб больш простых амэрыканцаў, а не адны палітыкі, ведалі, 
                      што ў Беларусі зьнікаюць тыя, хто змагаецца з рэжымам Лукашэнкі», 
                      — гэтак акрэсьліла мэту паездкі ў ЗША жонка зьніклага Анатоля 
                      Красоўскага Ірына.  
                       
                      Алег Грузьдзіловіч 
                      «Радыё Свабода» 
                     
                     
                     |