Людміла Карпенка, Сьвятлана Завадзкая, Ірына 
                      Красоўская і Тацяна Клімава — жонкі зьніклых беларускіх 
                      палітыкаў і палітычных вязьняў знаходзяцца ў Вашынгтоне 
                      на запрашэньне Міжнароднай лігі правоў чалавека.  
                    У штаб-кватэры Радыё Свабода прайшоў брыфінг для журналістаў 
                      і прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў, у часе якога жанчыны 
                      пазнаёмілі прысутных з агульнай сытуацыяй у Беларусі і распавялі 
                      свае сумныя гісторыі.  
                    Паводле Людмілы Карпенкі, менавіта няшчасьце, якое выпала 
                      на долю гэтых жанчынаў, прымусіла іх, вельмі розных паводле 
                      ўзросту і характару, аб’яднацца і самастойна шукаць зьвесткі 
                      пра лёс блізкіх. Іх не пачулі ў Беларусі, таму жонкі зьніклых 
                      выправіліся за мяжу.  
                    Яны наведалі Маскву і Парыж, а цяпер знаходзяцца ў Вашынгтоне, 
                      дзе маюць намер узьняць пытаньне пра лёс мужоў на самым 
                      высокім узроўні.  
                    Сапраўды, асабліва ў сьвятле апошніх сэнсацыйных заяваў 
                      сьледчых Петрушкевіча і Случака, таксама дакумэнтаў, апублікаваных 
                      Уладзімірам Ганчарыкам, справы зьніклых беларускіх палітыкаў 
                      прыцягваюць шмат увагі ў Вашынгтоне. Як сярод недзяржаўных 
                      арганізацыяў, таксама і ў дзяржаўных структурах і сродкаў 
                      масавай інфармацыі.  
                    Візыт Людмілы Карпенкі, Сьвятланы Завадзкай, Тацяны Клімавай, 
                      Ірыны Красоўскай праходзіць на вельмі высокім узроўні. Яны 
                      мелі сустрэчу ў Дзярждэпартамэнце з намесьнікам дзяржсакратара 
                      ў пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Лорнам Крэйнэрам. 
                     
                    Таксама намесьнікам дзяржсакратара ў эўрапейскіх пытаньнях 
                      Сьцівэнам Пайфэрам, супрацоўнікамі нацыянальнай Рады бясьпекі. 
                     
                    Жонкі зьніклых мелі сустрэчу з сэнацкай камісіяй міжнародных 
                      справаў, з сэнатарамі Джэсі Хэлмсам і Горданам Сьмітам. 
                     
                    У часе сваіх папярэдніх візытаў у Маскву і Парыж, зараз 
                      у Вашынгтоне, жанчыны заклікаюць да стварэньня незалежнай 
                      міжнароднай камісіі расьсьледаваньня зьнікненьня беларускіх 
                      палітыкаў.  
                    Ірына Красоўская і Сьвятлана Завадзкая адзначылі, што цягам 
                      часу яны маюць усё больш пытаньняў і ўсё менш адказаў. І 
                      на гэтыя пытаньні здольныя адказаць Аляксандар Лукашэнка 
                      і набліжаныя да яго асобы.  
                    У Беларусі іх не пачулі, апроч Саюзу правых сілаў, не пачулі 
                      іх і ў Расеі.  
                    З дапамогай шматлікіх праваабарончых арганізацыяў намагаюцца, 
                      каб пытаньне пра лёс Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага 
                      было ўзьнята амэрыканскім бокам у перамовах з Расеяй на 
                      самым высокім узроўні.  
                    Яны вельмі спадзяюцца таксама на рэакцыю, дапамогу і падтрымку 
                      з боку міжнароднай супольнасьці, урадаў дэмакратычных краінаў 
                      і на зьмены ў Беларусі.  
                    Як лічыць Людміла Карпенка, за цяперашнім «брудным рэжымам 
                      у Беларусі» ім ня ўдасцца даведацца праўду.  
                    Толькі ва ўмовах дэмкратыі магчымае адкрытае расьсьледаваньне 
                      гэтых справаў.  
                     
                      Ірына Курапаткіна 
                      «Радыё Свабода» 
                     |