Людміла Карпенка, удава віцэ-сьпікера Вярхоўнага 
                      Савету вядомага ў Беларусі апазыцыйнага палітыка, у адказ 
                      на выказваньні Аляксандра Лукашэнкі аб абставінах сьмерці 
                      і пахаваньня свайго мужа, заявіла: гэта цынічная ілжа. Генадзь 
                      Карпенка памёр увесну 1999 года, прычым, як лічаць ягоныя 
                      блізкія, пры вельмі падазроных абставінах. У выступе на 
                      паседжаньні 31 ліпеня з кіраўнікамі мясцовых уладаў, Аляксандар 
                      Лукашэнка зрабіў шэраг непрыстойных выказваньняў адносна 
                      зьніклых ці загінулых прадстаўнікоў апазыцыі, а таксама 
                      іхных жонак і Людмілы Карпенкі, у прыватнасьці. Ён абвінаваціў 
                      жанчынаў у тым, што тыя наведалі шэраг заходніх краінаў, 
                      дзе распавядалі аб датычнасьці беларускіх уладаў да зьнікненьняў 
                      сваіх мужоў. 
                    «Оппозиционеры уже два года носятся с этими пропавшими, 
                      — заявіў на паседжаньні Лукашэнка. — Они туда записали Геннадия 
                      Карпенко. Что, он также пропал? Человек умер, которого спасал 
                      лучший у нас хирург, спасал трое суток. Мясникович отвечал 
                      за это». Прэзыдэнт папікнуў Людмілу Карпенку ў няўдзячнасьці 
                      і заявіў, што па ейнай просьбе ўлады цалкам аплочвалі выдаткі 
                      на пахаваньне ейнага мужа. «Когда умер Карпенко — я 
                      уж вам откровенно скажу, — мы его хоронили», — заявіў 
                      прэзыдэнт. 
                    «Нас аблівалі гразёю пры жыцьці Гены, працягваецца 
                      гэта і зараз. Гэта цынічная ілжа», — заявіла ў адказ на 
                      словы Лукашэнкі Людміла Капенка ў інтэрвію газэце «Народная 
                      воля» 2 жніўня. «Сапраўды, нам тэлефанаваў Мясьніковіч. 
                      Прыходзіў Ціцянкоў. Але пра гэта я даведалася пасьля пахаваньня...Да 
                      я лепш памерла б, чым пайшла да гэтых людзей!», — сказала 
                      яна. Такія выказваньні Лукашэнкі Людміла Капенка разглядае 
                      як сьведчаньне ягонага «панічнага страху», як «абаронную 
                      рэакцыю». «Лукашэнка баіцца прайграць выбары. Баіцца адказваць 
                      за забойства. Баіцца мёртвых: бо рана ці позна за ўсё прыйдзецца 
                      адказваць», — лічыць Людміла Карпенка. Па яе словах, жонкі 
                      зьніклых і рэпрэсаваных палітыкаў сёньня аб’ядналіся. «І 
                      як нас не стараюцца пасварыць — нічога не атрымаецца. Нас 
                      аб’ядноўвае бяда. Я не сумняваюся, што ўлады датычны да 
                      магчымых забойстваў Захаранкі, Ганчара, Красоўскага й Завадзкага. 
                      І ня веру, што мой муж памёр сваёй сьмерцю», — заявіла Людміла 
                      Карпенка. 
                     
                      Хартия-97  
                     |