Шэраг вядучых польскіх газэтаў зьмясьцілі 
                      матэрыялы, у якіх распавядаецца пра зварот жонак зьніклых 
                      беларускіх палітыкаў да прэзыдэнта Польшчы Аляксандра Квасьнеўскага. 
                      Артыкулы ў гэтай справе зьявіліся, сярод іншых, у аўтарытэтных 
                      штодзёньніках «Gazeta Wyborcza», «Zycie» «Rzeczpospolita». «Мы, жонкі беларускіх апазыцыйных дзеячаў, ведаючы спадара 
                      Прэзыдэнта як прыхільніка дэмакратычных каштоўнасьцяў, зьвяртаемся 
                      з просьбай аб дапамозе. Просім, у часе спатканьня з прэзыдэнтам 
                      Пуціным, пры магчымасьці, закрануць пытаньне пра тых апанэнтаў 
                      рэжыму, што загінулі, зьніклі ці знаходзяцца зараз у турмах, 
                      пра ўдзел у гэтым беларускіх уладаў, а таксама пазыцыю Расеі 
                      ў гэтай справе», — цытуе ліст Людмілы Карпенка, Вольгі Захаранкі, 
                      Зінаіды Ганчар, Ірыны Красоўскай, Сьвятланы Завадзкай і 
                      Тацяны Клімавай «Gazeta Wyborcza».  
                    Побач з цытатамі са звароту штодзёньнік зьмяшчае таксама 
                      кароткія зьвесткі пра зьніклых ды асуджаных апазыцыйных 
                      палітыкаў. Адметна, што матэрыял у гэтай справе «Wyborcza» 
                      зьмясьціла побач з матэрыялам пра чарговыя сутычкі ў Бэлфасьце. 
                     
                    »Беларуская апазыцыя просіць у Квасьнеўскага дапамогі», 
                      — пад гэткім загалоўкам пра зварот беларускіх жанчынаў да 
                      Аляксандра Квасьнеўскага распавядае ў сёньняшнім нумары 
                      штодзёнтьнік «Zycie».  
                    Сярод іншага газэта адзначае, што летась беларуская незалежная 
                      прэса, а таксама расейскае тэлебачаньне, распавядалі «эскадроны сьмерці», якія непасрэдна займаліся ліквідацыяй 
                      асобаў, невыгодных Аляксандру Лукашэнка, аднак беларуская 
                      пракуратура праігнаравала гэтыя паведамленьні.  
                    »Zycie» падае таксама камэнтар Першага сакратара польскай 
                      амбасады ў Менску Марка Буцько, які адзначае, што польскае 
                      дыпляматычнае прадстаўніцтва даўно ўтрымлівае кантакты з 
                      падпісанткамі звароту. Паводле спадара Буцько, польская 
                      амбасада таксама шматкротна дамагалася ў беларускіх ўладаў 
                      згоды на наведваньне праціўнікаў Лукашэнкі, якія сядзяць 
                      цяпер у турмах.  
                    Варта адзначыць, што ў часе леташняга візыту Аляксандра 
                      Квасьнеўскага ў Расею, не было ніводнага паведамленьня пра 
                      тое, што ў часе перамоваў прэзыдэнты якім-небудзь чынам 
                      закраналі пытаньні, зьвязаныя зь Беларусьсю.  
                    Магчыма, што гэтым разам, па шматлікіх публікацыях у сродках 
                      масавай інфармацыі, сітуацыя зьменіцца на карысьць аўтарак 
                      звароту.  
                     
                    Аляксей Дзікавіцкі 
                      «Радыё Свабода» 
                     |