Прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту, якія знаходзяцца 
                      ў Менску, сёньня атрымалі ліст ад жонак зніклых беларускіх 
                      дзеячоў, адрасаваны прэзыдэнту Бушу. Жанчыны просяць амэрыканскага 
                      лідэра ўзьняць праблемы палітычных рэспрэсіяў у Беларусі 
                      падчас сустрэчы з расейскім прэзыдэнтам Пуціным, якая заплянаваная 
                      на травень.  
                       
                      Як паведаміла нашаму радыё Ірына Красоўская, жонка зьніклага 
                      бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, падчас сустрэчы з намесьнікам 
                      памочніка Дзяржсакратара Стывэнам Пайфэрам і кіраўніком 
                      аддзелу Беларусі, Малдовы, Расеі й Украіны Дзярждэпартамэнту 
                      Грэгам Пэратам абмяркоўвалася тэма палітычных рэспрэсіяў 
                      у Беларусі, сытуацыя з расьсьледаваньнем справаў зьніклых. 
                     
                    (Красоўская: ) «І паколькі мы не задаволеныя тым расьсьледаваньнем, 
                      якое праводзіцца тут, і не разьлічваем, што беларускія ўлады 
                      будуць праводзіць яго так, як трэба, альбо дапусьцяць сюды 
                      незалежных экспэртаў, што мы ўжо неаднаразова прапаноўвалі, 
                      таму ў сувязі з гэтым мы папрасілі спадара Пайфэра, па-першае, 
                      падтрымаць нашую спробу правядзеньня незалежнага расьсьледаваньня. 
                     
                    А па-другое, мы перадалі спадару Пайфэру ліст для спадара 
                      Буша, каб ён узьняў пытаньне пра расьсьледаваньне справаў, 
                      што датычаць нашых мужоў на травеньскай сустрэчы са спадаром 
                      Пуціным. Таму што ў Пуціна ёсьць рэальная магчымасьць уплываць 
                      на палітычныя працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі», — сказала 
                      Ірына Красоўская.  
                    Акрамя яе, ліст да прэзыдэнта Буша падпісалі Людміла Карпенка, 
                      Вольга Захаранка, Зінаіда Ганчар, Сьвятлана Завадзкая і 
                      Тацяна Клімава. Аўтары ліста мяркуюць, што праўда выявіцца 
                      толькі тады, калі міжнародная супольнасьць будзе працягваць 
                      настойваць на правядзеньні незалежнага міжнароднага расьсьледаваньня. 
                     
                    Вынікі размовы са Стывэнам Пайфэрам і Грэгам Пэратам ацэньвае 
                      Ірына Красоўская:  
                    (Красоўская: ) «Размова гэтая была дастаткова аптымістычнай 
                      для нас — можа, нашыя справы з дапамогай міжнародных структураў 
                      зрушацца зь мёртвай кропкі».  
                    Сёньня ж прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту сустрэліся зь вядомымі 
                      апазыцыйнымі дзеячамі: Вінцуком Вячоркам, Уладзімерам Ганчарыкам, 
                      Міхаілам Чыгіром, Паўлам Казлоўскім, Міколам Статкевічам. 
                      Беларускія палітыкі засьведчылі, што пасьля выбараў становішча 
                      ў краіне пагоршылася. Пра свае ўражаньні ад размовы распавядае 
                      Вінцук Вячорка:  
                    (Вячорка: ) «Спадар Пайфэр пацьвердзіў вельмі ўмеркаваныя 
                      спадзевы, што ён пачуе ад кіраўніцтва лукашэнкаўскай улады 
                      цьвёрдыя гарантыі дэмакратызацыі ў самой Беларусі. Гэта 
                      адпавядае й нашым меркаваньням. Была выказаная таксама цвёрдая 
                      пазыцыя падтрымкі дэмакратычных сілаў і дэмакратычнай пэрспэктывы 
                      Беларусі».  
                    Стывэн Пайфэр цікавіўся ацэнкай сытуацыі з продажам беларускай 
                      зброі за мяжу. На гэта Павал Казлоўскі адказаў, што раней, 
                      да Лукашэнкі, была празрыстасьць гэтых паставак і выкарыстаньня 
                      атрыманых грошай, чаго цяпер няма. Уладзімер Ганчарык мяркуе, 
                      што трэба дабівацца празрыстасьці гэтага спэцыфічнага гандлю, 
                      і лічыць, што цяперашнім беларускім уладам «ня ўдасца схаваць 
                      шыла ў мяшку».  
                    А вось Андрэй Саньнікаў ня лічыць, што праблемы продажу 
                      беларускай зброі самыя важныя ў беларуска-амэрыканскіх адносінах 
                      на гэты момант. Ён браў удзел у сустрэчы супрацоўнікаў Дзярждэпартамэнту 
                      з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацыяў і незалежных 
                      СМІ:  
                    (Саньнікаў: ) «Я хацеў бы тут падкрэсьліць, што ў прэсе 
                      ўжо прагучала, што нібыта галоўная мэта гэтага візыту — 
                      гэта высьвятленьне сытуацыі зь беларускім гандлем зброяй. 
                      Не. Тут мэта, як я лічу, іншая. Высокі прадстаўнік Дзярждэпартамэнту 
                      пасьля выбараў упершыню наведвае Беларусь, каб праглядзець, 
                      што тут зьмянілася, якая сытуацыя зараз. Відавочна, што 
                      яго турбуе найперш сытуацыя з правамі чалавека. І гэтыя 
                      пытаньні ўздымаліся падчас нашых сустрэчаў».  
                    На думку Саньнікава, пераменаў да лепшага ў Беларусі не 
                      адбылося, сытуацыя з правамі чалавека пагоршылася.  
                      
                    Валеры Каліноўскі 
                      «Радыё Свабода» 
                     |