6 красавіка споўнілася пяць гадоў з дня 
                      сьмерці Генадзя Карпенкі — намесьніка старшыні Вярхоўнага 
                      Савету Беларусі 13 скліканьня, кіраўніка «ценевага» ўраду 
                      Беларусі. Ён памёр раптоўна, ад кровазьліцьця ў мозг. Тады, 
                      у 1999 годзе, яму было толькі 49 гадоў.  
                       
                      У студзені 2002 году сям’я Генадзя Карпенкі — жонка Людміла, 
                      дачка Тацяна і сын Дзьмітры зьехалі ў Нямеччыну. Рашэньне 
                      пра пераезд было прынятае, як гаворыць Людміла Карпенка, 
                      пасьля восеньскіх прэзыдэнцкіх выбараў : сям’я пабаялася 
                      далей заставацца на радзіме. Цяпер Карпенкі жывуць у нямецкім 
                      горадзе Эсьлінген. На маё пытаньне, ці прыстасаваліся яны 
                      ўжо да новай краіны, як ім там жывецца, Людміла Карпенка 
                      адказвае:  
                    (Карпенка: ) «Па-рознаму, канечне. Я не баюся за дзяцей, 
                      спакойна хаджу па вуліцах, свабодна размаўляю, і па тэлефоне 
                      без засьцярогаў, і ў кватэры, зусім ня так, як было ў Беларусі. 
                      Абываталя тут, мабыць, усё задаволіла бы. Тых грошай, якія 
                      нам даюць, для жыцьця дастаткова: дзеці атрымліваюць стыпэндыю, 
                      я — дапамогу».  
                    Але, прызнаецца спадарыня Карпенка, ёй вельмі не хапае 
                      радзімы. Неўзабавае пасьля сьмерці мужа Людміла стварыла 
                      і ўзначаліла Міжнародны фонд імя Генадзя Карпенкі. Арганізацыя 
                      аб’яднала жанчын-ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. У розных 
                      рэгіёнах Беларусі яны правялі больш за пяцьдзясят сустрэчаў. 
                      Цяпер, калі непасрэднай сувязі зь Беларусьсю няма, Людміла 
                      Карпенка спрабуе фонд захаваць.  
                    У Нямеччыне сярод сваіх сяброў спадарыня Карпенка найпер 
                      называе былога кіраўніка Кансультацыйна-назіральнай групы 
                      АБСЭ ў Беларусі Ганса-Георга Віка:  
                    (Карпенка: ) «Ён здаровы, энэргічны, вельмі шмат езьдзіць, 
                      і, канечне, многа дапамагае. І сям’і Захаранкі таксама дапамагае. 
                      Я вельмі часта зьвяртаюся да яго, кансультуюся. Дзякуючы 
                      яму, я летась зьезьдзіла ў Страсбур. У мяне было туды запаршэньне, 
                      калі былі слуханьні ў справе зьніклых і забітых у Беларусі. 
                      Мне далі толькі пяць хвілінаў, але я спрабавала, як магла, 
                      даказаць, што сьмерць Генадзя Карпенкі — гэта забойства, 
                      а не выпадковасьць».  
                    Спадарыня Карпенка гаворыць, што да гэтага часу ня мае 
                      мэдычнага заключэньня аб сьмерці мужа, хаця двойчы зьвярталася 
                      ў паталягаанатамічнае бюро. А ўсе яе звароты ў праваахоўчыя 
                      органы Беларусі з просьбай завесьці адпаведную крымінальную 
                      справу ні чым станоўчым ня скончыліся. Але Людміла Карпенка 
                      верыць у тое, што настане час, калі таямніца сьмерці яе 
                      мужа будзе раскрытая:  
                    (Карпенка: ) «Думаю, што, можа, калі пачнецца хоць нейкае 
                      расьсьледаваньне, людзі пачнуць гаварыць. І справа дойдзе 
                      і да Карпенкі. Я проста спадзяюся на гэта».  
                    За два гады жыцьця ў Нямеччыне Карпенкаў стала на аднаго 
                      больш, у сына Дзьмітрыя нарадзілася дачка. Цяпер у Людмілы 
                      Карпенкі тры ўнучкі.  
                      
                    Даведка Свабоды: Нагадаем, што Генадзь Карпенка быў віцэ-сьпікерам 
                      Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, адным зь лідэраў Аб’яднанай 
                      Грамадзянскай Партыі. Пасьля канстытуцыйнага рафэрэндуму 
                      1996 году і разгону Вярхоўнага Савету Карпенка ўзначальваў 
                      Нацыянальны выканаўчы камітэт «ценевы ўрад» апазыцыі. 
                      Ён быў адным з найбольш аўтарытэтных лідэраў апазыцыі, разглядаўся 
                      як кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах. Памёр у 1999 годзе 
                      на 50-м годзе жыцьця пры загадкавых абставінах. Сям’я Генадзя 
                      Карпенкі лічыць, што палітык быў забіты. Жонка і дзеці Карпенкі 
                      зьехалі ў Нямеччыну, дзе атрымалі статус палітычных уцекачоў. 
                       
                     
                    Уладзімер Глод 
                      «Радыё Свабода» 
                     
                     
                     |