7 ліпеня дэпутаты Эўрапарлямэнту прагаласавалі 
                      за рэзалюцыю па Беларусі, якая прысьвечаная палітычнай сытуацыі 
                      ў краіне і незалежным сродкам масавай інфармацыі. Эўрапарлямэнт 
                      выказвае занепакоенасьць у зьвязку з разьвіцьцём палітычных 
                      падзеяў у Беларусі. Што канкрэтна прадугледжвае гэты дакумэнт? 
                     
                      Кіраўнік дэлегацыі па сувязях зь Беларусьсю парлямэнтар 
                      з Польшчы Богдан Кліх падкрэсьлівае, што за прыняцьцё рэзалюцыі 
                      прагаласавала абсалютная бальшыня сябраў Эўрапарлямэнту: 
                     
                    (Кліх: ) «Амаль што аднагалосна. Было два галасы супраць 
                      і тузін-паўтара тых, хто ўстрымаўся. Супэрпосьпех!»  
                    Я спытаў кіраўніка дэлегацыі, што, на ягоны погляд, ёсьць 
                      найважнейшым у прынятым дакумэнце.  
                    (Кліх: ) «Найважнейшым ёсьць тое, што Эўрапарлямэнт падтрымаў 
                      свабоду слова ў Беларусі, а менавіта — заклік да Эўракамісіі 
                      й Рады Эўразьвязу да падтрымкі праекту стварэньня радыёстанцыяў, 
                      якія будуць трансьляваць з Польшчы і Літвы, а ў будучыні 
                      з Украіны, незалежныя праграмы на Беларусь».  
                    У прынятай рэзалюцыі дэпутаты «рашуча асуджаюць нападкі 
                      ўладаў на сродкі масавай інфармацыі, журналістаў, апазыцыянэраў, 
                      праваабаронцаў і ўсіх тых, спрабуе крытыкаваць прэзыдэнта 
                      і яго рэжым». Таксама асуджаюцца дзеяньні беларускіх уладаў 
                      адносна Саюзу палякаў Беларусі і прысуды Мікалаю Статкевічу, 
                      Паўлу Севярынцу і Андрэю Клімаву.  
                    Дэпутаты Эўрапарлямэнту заклікаюць кіраўніцтва Эўразьвязу 
                      прыняць праграму падтрымкі незалежных беларускіх мэдыяў, 
                      якая б прадугледжвала дапамогу незалежным журналістам і 
                      выданьням, фінансавую падтрымку інтэрнэт-праектаў, стварэньне 
                      ў сумежных зь Беларусьсю краінах тэле– і радыёвяшчаньня 
                      на Беларусь.  
                    Эўрапарлямэнт заклікае выканаўчыя органы Эўразьвязу «ўзьняць 
                      беларускае пытаньне падчас сустрэч з прадстаўнікамі Расеі 
                      і выпрацаваць супольныя дзеяньні дзеля дасягненьня канкрэтных 
                      дэмакратычных зьменаў у краіне».  
                    Калі ж беларускія ўлады не палепшаць сытуацыю са свабодай 
                      слова, то ўсім структурам Эўразьвязу прапануецца пашырыць 
                      сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны 
                      Эўразьвязу.  
                    Сёньняшні дзень у Страсбуры называюць беларускім. І для 
                      гэтага ёсьць падставы. Раніцай перад будынкам Эўрапейскага 
                      парлямэнту прадстаўнікі дэмакратычнай беларускай дыяспары, 
                      бальшыня зь якіх прыехала з суседняй Бэльгіі, правялі пікет, 
                      прысьвечаны 5-й гадавіне зьнікненьня тэлеапэратара Зьмітра 
                      Завадзкага. Яны трымалі партрэты Зьмітра, бел-чырвона-белыя 
                      сьцягі ды лёзунгі з заклікам да эўрапейскіх дэпутатаў дапамагчы 
                      зрабіць Беларусь вольнай і дэмакратычнай.  
                    Тэму палітычна матываваных зьнікненьняў у Беларусі працягнула 
                      ў сваім выступе Ірына Красоўская — кіраўніца грамадзянскай 
                      ініцыятывы «Мы памятаем!», жонка бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, 
                      які зьнік разам з апазыцыйным палітыкам Віктарам Ганчаром 
                      у 1999 годзе. Спадарыня Красоўская сёньня выступіла перад 
                      дэпутатамі, якія ўваходзяць у склад дэлегацыі па сувязях 
                      зь Беларусьсю, з дакладам пра сытуацыю ў Беларусі:  
                    (Красоўская: ) «Я гаварыла, як заўсёды, пра парушэньні 
                      правоў чалавека, пра тое, што Беларусь — гэта апошняя дыктатура 
                      ў Эўропе, якая не зьвяртае аніякай увагі на папярэджаньні 
                      міжнародных структураў. Тым ня менш, людзі Беларусі спадзяюцца, 
                      што будуць жыць у вольнай і дэмакратычнай краіне. І таму 
                      сёньняшняя рэзалюцыя вельмі важная, паколькі гэта рэальны 
                      крок для стварэньня незалежнай інфармацыйнай прасторы, для 
                      стварэньня радыё– і тэлестанцыі па-за межамі Беларусі, на 
                      мяжы з нашымі суседзямі, а таксама для стварэньня незалежнага 
                      друку ў Беларусі. Мы спадзяемся на тое, што грамадзянская 
                      супольнасьць зможа зьмяніць сытуацыю ў краіне, калі будзе 
                      мець доступ да праўдзівай інфармацыі».  
                    Я спытаўся спадарыню Красоўскую, ці задавалі ёй пытаньні 
                      ўдзельнікі паседжаньня:  
                    (Красоўская: ) «Было шмат пытаньняў пра ролю Расеі ў працэсе 
                      дэмакратызацыі. Пыталіся пра моладзь, пра яе ўдзел у фармаваньні 
                      дэмакратычнай супольнасьці, пра законы, якія не дазваляюць 
                      правядзеньня вулічных акцый».  
                    Уладзімер Глод, Менск 
                      svaboda.org 
                     
                     |