Сёньня перад будынкам Эўрапейскага парлямэнту
прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі правядуць пікет,
прысьвечаны 5-й гадавіне ад часу зьнікненьня тэлеапэратара
Зьмітра Завадзкага. Тэма палітычна матываваных зьнікненьняў
у Беларусі таксама будзе закранутая і на самім паседжаньні
Эўрапарлямэнту ў францускім Страсбуры.
У Страсбуры знаходзіцца Ірына Красоўская, адна з лідэраў
грамадзянскай ініцыятывы «Мы памятаем», жонка бізнэсоўца
Анатоля Красоўскага, які зьнік разам з апазыцыйным палітыкам
Віктарам Ганчаром у 1999 годзе. Яна выступіць на сёньняшнім
паседжаньні Эўрапарлямэнту з дакладам пра сытуацыю ў Беларусі.
(Красоўская: ) «Я зноў зьбіраюся выступіць па праблемах
правоў чалавека, таму што мы бачым, што сытуацыя не паляпшаецца,
а пагаршаецца. Пасьля апошняй рэзалюцыі Эўрапарлямэнта мы
зноў атрымалі новыя доказы таго, што ўлады не зьбіраюцца
паляпшаць сытуацыю з правамі чалавека. Напрыклад, пасьля
апошняй рэзалюцыі Эўрапарлямэнта мы атрымалі чатырох новых
палітычных вязьняў, таксама павялічваецца ціск на незалежныя
мэдыі, таксама зачыняюцца недзяржаўныя арганізацыі. Я лічу,
пакуль сытуацыя з правамі чалавека не будзе паляпшацца мы
павінны аб гэтым гаварыць ва ўсіх міжнародных структурах,
уключаючы Эўрапарлямэнт, які якраз мае рэальныя рычагі ўзьдзеяньня».
Сёньня ж эўрапарлямэнтары мусяць прагаласаваць за рэзалюцыю
па Беларусі, якая прысьвечана палітычнай сытуацыі ў краіне
і незалежным сродкам масавай інфармацыі ў Беларусі. Дакумэнт
распрацаваны дэлегацыяй па сувязях з Беларусьсю з удзелам
шэрагу фракцыяў Эўрапарлямэнту.
Учора тэкст гэтага дакумэнта быў прадстаўлены парлямэнту.
Паводле кіраўніка дэлегацыі па сувязях з Беларусьсю Богдана
Кліха, у гэтай рэзалюцыі, між іншым, асуджаюцца дзеяньні
беларускіх уладаў, якія пагаршаюць свабоду прэсы, а таксама
перашкаджаюць працы Саюза палякаў Беларусі. У дакумэнце
прапануецца стварыць магчымасьці для падтрымкі і адукацыі
беларускіх журналістаў. У якасьці крыніцаў незалежнай інфармацыі
прапануецца арганізаваць вяшчаньне радыёстанцый і падтрымаць
інтэрнэт-праекты. Рэзалюцыя заклікае беларускія ўлады спыніць
рэпрэсіі супраць маладых людзей, якіх выключаюць з навучальных
установаў за палітычныя перакананьні. Эўрапарлямэнтары заклікаюць
Эўракамісію і Раду Эўразьвязу прыняць канкрэтныя меры па
выпраўленьні сытуацыі ў Беларусі.
Алесь Дашчынскі, Менск
svaboda.org
|