Сёньня ў Менску супрацоўнікі АМАПу разагналі 
                      акцыю «Ланцуг неабыякавых людзей», прымеркаваную да пятай 
                      гадавіны зьнікненьня тэлеапэратара ОРТ Зьмітра Завадзскага. 
                      Пад час разгону адзін з супрацоўнікаў АМАПу ўдарыў у твар 
                      жонку Завадзкага — Сьвятлану. 
                     
                      Каля 30 ўдзельнікаў «Ланцугу неабыякавых людзей» прастаялі 
                      з партрэтамі Зьмітра Завадзскага і Веранікі Чаркасавай на 
                      Кастрычніцкім пляцы толькі некалькі хвілінаў. Некалькі дзесяткаў 
                      амонаўцаў адразу пачалі выціскаць людзей з пляцу.  
                    (Спадарыня: ) «Куды вы нас гоніце, хлопцы?»  
                    (Спадарыня: ) «Не чапайце мяне.»  
                    (Спадар: ) «Гэта сапраўдны бандытызм».  
                    Калі адбываўся разгон акцыі, на ўвесь пляц гучалі навіны 
                      тэлеканала ОНТ.  
                    Адзін з амапаўцаў ударыў у твар Сьвятлану Завадзкую і зьмяў 
                      партрэт яе мужа Зьмітра Завадзскага.  
                    (Завадзкая: ) «Фашысты! Вы толькі ўмееце забіваць людзей, 
                      а не абараняць… Я не магу стаяць з партрэтам свайго мужа. 
                      У мяне няма нават такой магчымасьці ў гэтай краіне.»  
                    Гаворыць прадстаўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Уладзімер 
                      Дзюба.  
                    (Дзюба: ) «Гэта дзікунства, тое, што адбылося. Адзін з 
                      амапаўцаў ударыў у твар жонку Дзімы Завадзкага. Гэта вельмі 
                      брыдка і нізка. Так не павінны рабіць людзі, якія мусяць 
                      абараняць грамадзкі спакой і грамадзянскія правы. Усё наадварот, 
                      атрымоўваецца».  
                    Супрацоўнікі АМАПу прымусілі ўдзельнікаў акцыі дайсьці 
                      да Траецкага прадмесьця. У той жа час каля дзесяці чалавек 
                      заставаліся стаяць на Кастрычніцкай плошчы. Сярод іх Анатоль 
                      Лябедзька.  
                    (Лябедзька: ) «Што адбывалася… Спрабавалі ўсіх накіраваць 
                      адтуль. Я ня ведаю, чаму гэтае месца? Відаць, Аляксандру 
                      Рыгоравічу не падабаецца, калі на Кастрычніцкім пляцы ёсьць 
                      іншая думка і людзі, якія ня хочуць глядзець вачыма Аляксандра 
                      Рыгоравіча. Тое, што адбываецца, гэта палітычная шызафрэнія». 
                     
                    Сярод тых, хто браў удзел у «Ланцугу неабыякавых людзей», 
                      прымеркаваным да пятай гадавіны зьнікненьня Зьмітра Завадзскага 
                      — ягоныя калегі-журналісты, сябры Аб’яднанай грамадзянскай 
                      партыі, партыі БНФ, Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, 
                      Андрэй Клімаў, Валер Шчукін ды іншыя апазыцыйныя актывісты. 
                     
                    Ганна Соусь, Менск 
                      svaboda.org  
                     |