Пракуратура адмовіла Сьвятлане Завадзкай
у завядзеньні крымінальнай справы супраць амонаўца, які
яе зьбіў. Намесьнік пракурора Цэнтральнага раёну Менску
Аляксей Волкаў сёньня ў інтэрвію радыё Свабода пацьвердзіў,
што Сьвятлане Завадзкай адмоўлена ў завядзеньні крымінальнай
справы супраць амонаўца, які 7 ліпеня ўдарыў яе ў твар.
Пасьля трохтыднёвай праверкі пракуратура прыйшла да высновы,
што ў гэтым няма складу злачынства.
Рашэньне адмовіць у завядзеньні крымінальнай справы супраць
амонаўца было прынятае 29 ліпеня, але Сьвятлане Завадзкай
пра гэта афіцыйна не паведамілі. Спадарыня Завадзкая зьбіраецца
абскардзіць гэтае рашэньне ў вышэйшай інстанцыі.
Сьвятлана Завадзкая атрымала ад амонаўца ўдар кулаком у
твар 7 ліпеня, падчас разгону акцыі памяці на Кастрычніцкім
пляцы Менску, прысьвечанай пятай гадавіне зьнікненьня яе
мужа — апэратара расейскай тэлекампаніі ОРТ Зьмітра Завадзкага.
Спадарыня Завадзкая зафіксавала пабоі і падала ў пракуратуру
заяву з просьбаю завесьці супраць гэтага міліцыянта крымінальную
справу. Пракурорская праверка цягнулася амаль тры тыдні
і скончылася адмовай у завядзеньні крымінальнай справы.
Раней прадстаўнікі Менскай гарадзкой управы ўнутраных справаў
заяўлялі, што ў інцыдэнце вінаватая сама Сьвятлана Завадзкая,
якая, нібыта, справакавала амонаўца на бойку і той мусіў
бараніцца.
Альгерд Невяроўскі, Менск
svaboda.org
|