На менскіх вуліцах моладзь раздае ўлёткі 
                      з заклікам далучыцца да Дня салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых 
                      і палітвязьняў. Людзям прапануюць 16 кастрычніка а 8-й вечара 
                      на пятнаццаць хвілінаў выключыць сьвятло ў кватэры і запаліць 
                      у вокнах сьвечкі. Палітыкі прагназуюць, што ў акцыі могуць 
                      узяць удзел каля 5% насельніцтва. 
                    Сябра моладзевай арганізацыі «Зубр» Мікіта Сасім, адзін 
                      з арганізатараў акцыі салідарнасьці, паведаміў «Радыё Свабода», 
                      што напярэдадні акцыі ідзе інтэнсіўная праца. Сам ён тры 
                      дні адседзеў у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку за тое, што 
                      скінуў з даху будынку побач з КДБ улёткі з заклікам удзельнічаць 
                      у акцыі.  
                    »У часе распаўсюду інфармацыі некалькіх чалавек затрымалі. 
                      Людзей затрымліваюць, складаюць пратаколы і адбіраюць тую 
                      частку друкаванай прадукцыі, якую знайшлі. Як адзін з арганізатараў 
                      акцыі, я вельмі разьлічваю, што людзі, якія атрымалі ўлёткі 
                      і ведаюць пра акцыю, падтрымаюць яе і возьмуць у ёй удзел», 
                      — паведаміў Сасім. 
                    Каардынатар «Хартыі’97» Зьміцер Бандарэнка мяркуе, што 
                      ў акцыі будзе ўдзельнічаць каля 5% насельніцтва краіны. 
                     
                    »Я думаю, што пра гэтую акцыю даведаюцца недзе 20% насельніцтва 
                      Беларусі, а 5% возьмуць удзел. На жаль, амаль усе дэмакратычныя 
                      газэты зачынены. На сёньняшні дзень апазыцыя ня мае электронных 
                      сродкаў масавай інфармацыі. Але тут інфармацыя распаўсюджваецца 
                      ад чалавека да чалавека», — кажа Сасім. 
                    У акцыі возьмуць удзел вядомыя пісьменьнікі і дзеячы культуры. 
                     
                    Апазыцыйныя палітыкі, якіх міжнародныя праваабарончыя арганізацыі 
                      прызналі палітвязьнямі, таксама падтрымаюць акцыю. Мікола 
                      Статкевіч у Баранавічах адбывае пакараньне за арганізацыю 
                      вулічных дэманстрацый 18 і 19 кастрычніка супраць фальсыфікацыі 
                      вынікаў выбараў і рэфэрэндуму. Ён паведаміў «Радыё Свабода», 
                      што будзе ўдзельнічаць у акцыі салідарнасьці, нягледзячы 
                      на тое, што а 8-й вечара мусіць быць у інтэрнаце спэцкамэндатуры. 
                     
                    »У нядзелю а 8-й вечара я паспрабую ўзяць удзел у гэтай 
                      акцыі. Выключу сьвятло ў сваім пакоі. Спадзяюся пераканаць 
                      сваіх суседзяў, што гэта зрабіць неабходна. На жаль, запаліць 
                      сьвечку не дазволена правіламі ўнутранага распарадку. Нельга 
                      туды прыносіць і мабільныя тэлефоны. Думаю, што нейкае выйсьце 
                      мы прыдумаем», — сказаў Статкевіч. 
                    Такая акцыя салідарнасьці ўпершыню праводзіцца ў Беларусі. 
                      Арганізатары акцыі паведамілі, што не разьлічваюць адразу 
                      на вялікую колькасьць удзельнікаў. Яны спадзяюцца, што акцыя 
                      стане першым крокам на шляху пераадоленьня страху ў грамадзтве. 
                     
                    Падобныя акцыі раней праводзіліся ў розных краінах. Звычайна 
                      заклікаюць выключыць сьвятло ў кватэрах на знак спачуваньня 
                      сем’ям загінулых у часе буйных тэрактаў альбо катаклізмаў. 
                      Але акцыі салідарнасьці з выключэньнем сьвятла і запальваньнем 
                      сьвечак праводзіліся там, дзе было супрацьстаяньне ўлады 
                      і грамадзтва — так было ў Чылі, у Польшчы і ў Чэхаславаччыне. 
                      Арганізатары акцыі 16 кастрычніка запэўнілі «Радыё Свабода», 
                      што будуць выкарыстоўваць досьвед барацьбы з таталітарнымі 
                      рэжымамі іншых краінаў былога сацыялістычнага блёку. Плянуецца 
                      праводзіць акцыі штомесяц 16 чысла. 
                     
                    Радио «Свабода» 
                     |