Палітычная рада дэмакратычных сілаў Беларусі 
                      падтрымала ініцыятыву аб стварэньні міжнароднага судовага 
                      трыбуналу ў справе расьсьледаваньня злачынстваў рэжыму Аляксандра 
                      Лукашэнкі. Гэтая ініцыятыва зыходзіць ад Людмілы Карпенкі 
                      — удавы вядомага беларускага палітыка, які зышоў з жыцьця 
                      у красавіку 1999 году пры загадкавых абставінах. Наколькі 
                      верагодна стварэньне такой арганізацыі? 
                     
                      Што тычыцца стварэньня такой арганізацыі, дык, фактычна, 
                      яна ўжо існуе. Ёсьць людзі, як у Беларусі, так і за межамі 
                      краіны, якія ўжо некалькі год займаюцца гэтай праблемай: 
                      вывучаюць розныя дакумэнты, запісваюць выказваньні розных 
                      людзей, параўноўваюць розныя факты... Адным словам, яны 
                      займаюцца сьледчай працай. І самае галоўнае — шукаюць сьляды 
                      зьніклых: Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, 
                      Зьмітра Завадзкага...  
                    Зразумела, узьнікае пытаньне: а на якой падставе дзейнічаюць 
                      гэтыя людзі? Адказаць я папрасіў Паўла Знаўца. Ён дыплямаваны 
                      юрыст у галіне міжнароднага права, выкладаў менавіта гэты 
                      курс у БДУ.  
                    (Знавец: ) «Тыя асобы, якія ствараюць міжнародны грамадзкі 
                      трыбунал, дзейнічаюць адпаведна Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 
                      (артыкул 61), які дазваляе зьвяртацца па дапамогу ў міжнародныя 
                      структуры, калі вычарпаныя мажлівасьці зрабіць нешта у краіне 
                      згодна з нацыянальным заканадаўствам.  
                    Ёсьць таксама Дэклярацыя аб абароне ўсіх асобаў ад гвалтоўных 
                      зьнікненьняў (рэзалюцыя Генэральнай Асамблеі ААН ад 18 сьнежня 
                      1992 году). Ну і адпаведна далей былі ж прынятыя шэраг рэзалюцыяў 
                      па Беларусі Камісіі ААН у правох чалавека, дзе адзначалася, 
                      што ўсе вінаватыя павінны стаць перад незалежнымі трыбуналамі. 
                      Грамадзкі міжнародны трыбунал — гэта першая інстанцыя ва 
                      ўмовах дыктатуры, якая можа лічыцца незалежнай ад пануючай 
                      улады. Усё робіцца згодна міжнароднаму праву».  
                    Ініцыятыва стварэньня трыбуналу належыць Людміле Карпенцы, 
                      якая ўпэўненая: яе муж памёр невыпадкова. Шмат працуе кандыдат 
                      юрыдычных навук Васіль Емяльянаў, якія зьехаў зь Беларусі 
                      і цяпер стала жыве ў Лёндане. Вядома, што прапанова далучыцца 
                      да трыбуналу паступіла Хрыстасу Пургурыдасу — ён займаўся 
                      беларускімі справамі па даручэньні Парлямэнцкай асамблеі 
                      Рады Эўропы. Актыўна дзейнічае і калега Генадзя Карпенкі 
                      ў Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня Павал Знавец...  
                    Спадар Знавец такім чынам ацэньвае магчымыя наступствы 
                      вынясеньня вэрдыкту незалежнага трыбуналу:  
                    (Знавец: ) «Калі гэты трыбунал адбудзецца і калі будзе 
                      вынесены вэрдыкт, дык краіны, якія маюць унівэрсальную юрысдыкцыю, 
                      згодна міжнароднаму праву могуць распачаць крымінальны перасьлед 
                      грамадзяніна Аляксандра Лукашэнкі. Гэты статус — падазронага 
                      ў зьдзяйсьненьні злачынстваў супраць чалавечнасьці — хутчэй 
                      за ўсё ня дасьць яму ні маральнага, ні юрыдычнага права 
                      ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Вэрдыкт будзе, безумоўна 
                      накіраваны ва ўсе міжнародныя структуры і беларускія органы, 
                      нават такі квазі-парлямэнт, як Палата прадстаўнікоў, Рэспубліканскую 
                      пракуратуру і г.д.».  
                    Удава Генадзя Карпенкі вельмі спадзяецца, што міжнародны 
                      грамадзкі трыбунал дасьць адказы на многія балючыя пытаньні: 
                     
                    (Карпенка: ) «У мяне няма сумневу, што Генадзя забілі. 
                      У першыя дні я пра гэта ня думала, паколькі знаходзілася 
                      ў шоку. Чым больш я над гэтым разважала, супастаўляла факты, 
                      дык я зразумела, што гэта незвычайная сьмерць. І выказваньні 
                      Генадзя да гэтага, і паводзіны некаторых людзей, нават тых, 
                      хто бачылі яго ў апошні дзень, ды і іншыя многія факты». 
                       
                       
                       
                      Уладзімер Глод 
                      «Радыё Свабода» 
                     |