Учора ў некалькіх польскіх гарадах прайшлі 
                      акцыі салідарнасьці з сем’ямі зьніклых беларускіх палітыкаў 
                      сем’ямі палітвязьняў і ўсімі, хто змагаецца за дэмакратыю 
                      ў Беларусі. 
                     
                      Каля сотні ў асноўным маладых людзей прыйшлі на вуліцу Новы 
                      сьвят — гэта ў самым цэнтры Варшавы. Прысутныя трымалі бела-чырвона-белыя 
                      сьцягі, транспарант з надпісамі »Мы салідарныя зь Беларусьсю». 
                      Удзельнікі акцыі выцягнуліся ў жывы ланцуг ўздоўж «Новага 
                      сьвяту», трымаючы сьвечкі белага і чырвонага колераў.  
                    Вось што сказаў нашаму радыё Антось Цялежнікаў — адзін 
                      з кіраўнікоў Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі — 
                      арганізацыі, якая наладзіла акцыю ў Варшаве.  
                    (Цялежнікаў: ) «Як вы бачыце, тут сёньня большасьць моладзі, 
                      студэнтаў, якія яшчэ год таму бралі ўдзел у акцыях у падтрымку 
                      украінскай рэвалюцыі. Я спадзяюся, што нашыя акцыі, нашыя 
                      захады прынясуць вынік, падобны да ўкраінскага. Сьвечка 
                      -, гэта сымбаль надзеі, сымбаль надзеі на вольную, дэмакратычную 
                      Беларусь».  
                    Большасьць удзельнікаў учорашняй акцыі — гэта маладыя палякі. 
                      Я запытаўся ў варшаўскай студэнткі Караліны, чаму яна вырашыла 
                      ўзяць удзел у жывым ланцугу салідарнасьці зь Беларусьсью. 
                     
                    (Караліна: ) «Я ўжо амаль пяць гадоў падтрымліваю беларускую 
                      апазыцыю, і калі адбываюцца нейкія беларускія акцыі, дэманстрацыі, 
                      дык лічу патрэбным і важным узяць у іх удзел».  
                    Пастаяўшы пэўны час у ланцугу са сьвечкамі, удзельнікі 
                      акцыі зь беларускімі нацыянальнымі сьцягамі накіраваліся 
                      ў бок старога гораду, дзе адбываўся ўрачысты канцэрт з нагоды 
                      Дня Папы — сьвята, якое адзначаецца ў дзень нараджэньня 
                      Яна Паўла ІІ. Там, каля касьцёла сьвятой Ганны, які наведваў 
                      Папа ў часе адной са сваіх пілігрымак на радзіму, сьвечкі 
                      былі выстаўленыя ў тры паласы — белую, чырвоную і белую. 
                     
                    Падобныя акцыі ў той самы час адбыліся ў Беластоку, Лодзі, 
                      Гдыні і Ўроцлаве.  
                     
                      Аляксей Дзікавіцкі 
                      «Радыё Свабода» 
                    
  |