А 17-й гадзіне ў Капэнгагене на 51-й сэсіі 
                      ПА НАТО была прынятая рэзалюцыя па Беларусі. У дакумэнце 
                      даецца крытычная ацэнка палітычнай сытуацыі ў Беларусі, 
                      аўтары заклікаюць беларускае кіраўніцтва «неадкладна вызваліць 
                      з-за кратаў усіх палітзьняволеных, паскорыць расьсьледаваньні 
                      палітычных зьнікненьняў, а таксама спыніць рост колькасьці 
                      міліцэйскіх падразьдзяленьняў у Беларусі».  
                    Як вынікае з тэксту дакумэнту, парлямэнтары краінаў Паўночнаатлянтычнага 
                      альянсу «глыбока шкадуюць», што ў выніку палітыкі афіцыйнага 
                      Менску шлях інтэграцыі Беларусі як эўрапейскай краіны, непасрэднай 
                      суседкі Эўразьвязу і НАТО, у сям’ю эўрапейскай дэмакратыі 
                      надзвычай ускладнены.  
                    Парлямэнтары НАТО заклікаюць Лукашэнку і ягоны ўрад забясьпечыць 
                      свабоду і празрыстасьць выбарчага працэсу ў адпаведнасьці 
                      зь міжнароднымі стандартамі, аднавіць дэмакратыю і прававыя 
                      нормы ў Беларусі, гарантаваць абарону правоў чалавека, незалежнасьць 
                      судовай улады, неадкладна вызваліць з-пад арышту ўсіх палітзьняволеньных, 
                      паскорыць расьсьледаваньні палітычных зьнікненьняў у Беларусі 
                      і прыцягнуць да суду асобаў, адказных за гэтыя зьнікненьні, 
                      а таксама спыніць рост колькасьці міліцэйскіх падразьдзяленьняў 
                      у Беларусі, альбо гэтак званую «мілітарызацыю ўнутранай 
                      палітыкі».  
                    Парлямэнтары НАТО выступаюць за супрацоўніцтва зь беларускімі 
                      няўрадавымі арганізацыямі, у тым ліку за ўсебаковую падтрымку 
                      двухбаковых моладзевых, студэнцкіх, навуковых абменаў, кантактаў 
                      у галіне малога і сярэдняга бізнэсу.  
                    У дакумэнце аддаецца ўвага пытаньню распаўсюджаньня праўдзівай 
                      і незалежнай інфармацыі, пераадоленьня дзяржаўнай манаполіі 
                      ў гэтай сфэры. 
                    На прапанову аднаго з аўтараў праекту дакумэнта нідэрляндзкага 
                      дэпутата Бэрта Кундэрза з праекту рэзалюцыі быў цалкам зьняты 
                      пункт «7b» — заклік да парлямэнтаў і ўрадаў абмежаваць кантакты 
                      з афіцыйным Менскам.  
                    »Гэта была мая прапанова. Пасьля размоваў і ваганьняў я 
                      прыйшоў да высновы, што падобны пункт можа выклікаць шмат 
                      цяжкасьцяў для тых людзей, якія хочуць шмат зрабіць для 
                      Беларусі. Справа ў тым, што нам патрэбныя самыя шырокія 
                      кантакты з гэтай краінай, каб Беларусь не апынулася ў поўнай 
                      ізаляцыі. Як вынік, мы зьнялі гэты пункт. Увесь астатні 
                      тэкст рэзалюцыі быў прыняты бязь зьменаў. Дадам, што ў часе 
                      пленарнага паседжаньня быў складзены ліст да беларускага 
                      прэзыдэнта Лукашэнкі. Мы азнаёмілі яго з рэзалюцыяй, а таксама 
                      выказалі сваё жаданьне як парлямэнтароў НАТО назіраць за 
                      будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі. Аднак мы спачатку хочам 
                      убачыць пазытыўную рэакцыю беларускага боку на нашы патрабаваньні», 
                      — паведаміў Бэрт Кундэрз «Радыё Свабода». 
                    Ад Беларусі на сэсію ПА НАТО былі запрошаныя лідэр Беларускай 
                      сацыял-дэмакратычнай грамады Станіслаў Шушкевіч і жонка 
                      зьніклага беларускага журналіста, заснавальніца журналісцкага 
                      фонду імя Зьмітра Завадзкага Сьвятлана Завадзкая.  
                    У Капэнгагене Завадзкая і Шушкевіч сустрэліся са старшынём 
                      ПА П’ерам Лелюшам, генсакратаром Асамблеі Сымонам Лунам, 
                      аўтарамі праекту рэзалюцыі па Беларусі Бэртам Кундэрзам 
                      і Маркусам Мэкелем, а таксама прадстаўнікамі Сэнату і Кангрэсу 
                      ЗША, удзельнікамі шэрагу парлямэнцкіх дэлегацыяў. 
                    «Радыё Свабода» 
                     |