Януш Бугайскі, дырэктар Амэрыканскага Цэнтру 
                      стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў, бачыць дзьве 
                      асноўныя прычыны, чаму Лукашэнка дамагаецца прыняцьця апошніх 
                      паправак да Крымінальнага кодэксу Беларусі. 
                     «Адна з характарыстык савецкага рэжыму і пост-савецкіх 
                      рэжымаў сёньняшніх Беларусі і Расеі тая, што яны хочуць 
                      выглядаць як мага больш легітымнымі і папулярнымі,» — кажа 
                      Януш Бугайскі. «Вядома, Лукашэнка можа зачыніць усе газэты 
                      і недзяржаўныя і палітычныя арганізацыі адным махам, але 
                      ён выбірае працэс, які прыкрываецца законнасьцю. У гэтай 
                      гульні Беларусь і Расея адна адну падтрымліваюць і ва ўнутранай, 
                      і ў міжнароднай палітыцы. Другая прычына — страх. Нягледзячы 
                      на тое, што ён і бяз новых паправак можа забараніць усялякую 
                      апазыцыю, ён, як і кожны дыктатар, баіцца, што сытуацыя 
                      можа выйсьці з-пад яго кантролю».  
                    На думку Бугайскага, улады будуць ужываць гэтыя папраўкі 
                      для стрымліваньня таго, што засталося ад незалежных мэдыяў, 
                      грамадзянскай супольнасьці, і здушэньня публічных пратэстаў, 
                      калі фальсыфікацыя выбараў стане відавочнай. Ён лічыць, 
                      што закон таксама мае на мэце адштурхнуць міжнародныя арганізацыі 
                      ад падтрымкі беларускай апазыцыі і маніторынгу выбараў. 
                      Для Лукашэнкі было б лепей, калі б міжнародная супольнасьць 
                      ігнаравала яго выбары, чым назірала за імі і абвясьціла 
                      іх нелегітымнымі.  
                    З гэтага пункту гледжаньня, лічыць Бугайскі, Захаду павінен 
                      наадварот узмацніць свой уплыў, а не дыстанцыявацца ад працэсаў 
                      у Беларусі на падставе таго, што Беларусь не выконвае міжнародныя 
                      пагадненьні. «Мы, і ЗША, і Эўропа, маем быць яшчэ больш 
                      інтэнсыўна заангажаваныя ў супрацоўніцтва з апазыцыяй і 
                      незалежнымі маніторынгавымі арганізацыямі. Пакуль гэта не 
                      адбываецца на ўзроўні, які я б хацеў бачыць. Але да выбараў 
                      яшчэ засталося трохі часу, каб ЗША і Эўразьвяз выпрацавалі 
                      ўзгодненую палітыку».  
                    Спадар Бугайскі лічыць, што Захаду варта было б выпрацаваць 
                      палітыку ізаляцыі кіруючай клікі і набліжаных да Лукашэнка 
                      асоб, але бюракратыі і некаторым сябрам Вярхоўнага савету 
                      прапанаваць альтэрнатыву кантактаў з Захадам. На яго думку, 
                      поўная ізаляцыя цалкам паверне бюракратыю да Лукашэнкі і 
                      Расеі. «Калі паглядзець на нашыя дачыненьні з камуністычнымі 
                      краінамі 70-80-х гадоў, тады існавала палітыка заангажаванасьці 
                      і матывацыі асобных афіцыйных асоб праводзіць рэформы». 
                     
                    Алеся Сёмуха 
                      радио «Свабода» 
                     
                     |