Сёньня ў Стакгольме ў часе цырымоніі ўручэньня 
                      прэстыжнай ўзнагароды «За правільнае выжываньне» (The Right 
                      Livelihood Award), больш вядомай як «Альтэрнатыўная нобэлеўская 
                      ўзнагарода», у якой бралі ўдзел сотні вядомых грамадзкіх 
                      дзеячаў, палітыкаў з усяго сьвету, амаль паўгадзіны часу 
                      было прысьвечана Беларусі. 
                     
                      Альтэрнатыўную нобэлеўскую ўзнагароду даюць «За дзейнасьць 
                      на карысьць плянэты і чалавецтва», тым, хто «карыстаецца 
                      прынцыпам, што кожны чалавек павінен рабіць сваю справу 
                      цалкам паважаючы іншых людзей і навакольнае асяродзьдзе». 
                     
                    Сёлета прэмія — яе памер — 230 тысячаў амэрыканскіх даляраў 
                      — прысуджалася 25-ы раз, а яе ляўрэатамі сталі пяцёра праваабаронцаў 
                      і эколягаў з Канады, Мэксыкі, Малайзіі і Батсваны.  
                    У часе ўрачыстай цырымоніі ў парлямэнце Швэцыі перад прысутнымі 
                      выступіла вядомая швэдзкая журналістка і фатограф Марыя 
                      Содэрбэрг, якая расказала прысутным пра гісторыю Беларусі, 
                      але таксама і пра цяперашнюю сытуацыю ў краіне, адначасова 
                      прэзэнтуючы дзесяткі фотаздымкаў зь Беларусі.  
                    (Содэрбэрг: ) «Таксама як мы, скандынавы, беларусы любяць 
                      прыроду. Беларусь — гэта як скарбонка, якую Эўропа, сьвет, 
                      павінны адчыніць. На жаль, нягледзячы на тое, што гэтая 
                      краіна знаходзіцца ў цэнтры Эўропы, замежнікам ня так проста 
                      туды прыехаць. Скажу больш — цяпер мы рызыкуем ніколі не 
                      пабачыць гэтую краіну на ўласныя вочы. Беларусь хутка ідзе 
                      да таго, чым быў Савецкі Саюз у 1970-я гады».  
                    У часе прамовы, спадарыня Содэрбэрг закранула, сярод іншага, 
                      тэму Курапатаў, палітзьняволеных, зьніклых палітыкаў, перасьледу 
                      незалежных мэдыяў і апазыцыі, а таксама выключэньня студэнтаў 
                      з ВНУ за грамадзкую актыўнасьць.  
                    (Содэрбэрг: ) «Каб выжыць, у Беларусі трэба вельмі ўважліва 
                      сачыць за тым, што робіш. Кожны дзень. Каб, прыкладам, крый 
                      божа, не пасварыцца з усемагутнай мясцовай адміністрацыяй, 
                      якая нават не выбіраецца народам, а прызначаецца зь Менску». 
                       
                      Марыя Содэрбэрг сказала беларускай «Свабодзе», што рэакцыя 
                      на яе выступ была пазытыўнай — шмат хто з прысутных зьвяртаўся 
                      з дадатковымі пытаньнямі ў часе перапынкаў.  
                    Чаму арганізатары вырашылі прысьвяціць столькі часу размове 
                      пра сытуацыю ў Беларусі — раней гэта ніколі не рабілася? 
                      Гаворыць адзін з арганізатараў цырымоніі, дэпутат швэдзкага 
                      парлямэнту Окі Пэтэрсан.  
                    (Пэтэрсан: ) «Такія прамовы вельмі важныя, бо Беларусь 
                      дагэтуль застаецца чорнай плямай на мапе Эўропы, дзе парушаюцца 
                      асноўныя правы чалавека. Пра гэта трэба размаўляць, каб 
                      у сьвеце ведалі, што трэба дапамагаць беларускай грамадзянскай 
                      супольнасьці. Тым больш, што ў наступным годзе ў Беларусі 
                      адбудуцца прэзыдэнцкія выбары». 
                     
                      Аляксей Дзікавіцкі 
                      Радыё «Свабода» 
                     |