10 сьнежня — Міжнародны дзень правоў чалавека. 
                      Пачатак яго быў закладзены ў 1948 годзе, калі Генэральная 
                      асамблея ААН прыняла Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека 
                      і вызначыла гэты дзень як Міжнародны дзень правоў чалавека. 
                      Праваабаронцы па ўсім сьвеце разам з палітычнымі і грамадзкімі 
                      дзеячамі ладзяць разнастайныя акцыі — маніфэстацыі, пікеты, 
                      канфэрэнцыі, прымаюць заявы і заклікі ў абарону людзей, 
                      чые правы парушаюцца. У Мінску на прасьпекце Незалежнасьці 
                      каля будынку Міністэрства ўнутраных справаў вядомыя беларускія 
                      праваабаронцы раздавалі мінакам надрукаваную справаздачу 
                      спэцыяльнага дакладчыка па Беларусі Камітэту ў справе правоў 
                      чалавека ААН Адрыяна Севярына на беларускай мове. 
                    Нагадаем, што беларускія ўлады адмівілі спадару Севярыну 
                      ва ўездзе на Беларусь пад час падрыхтоўкі ім гэтай справаздачы. 
                      Адзін з асобнікаў справаздачы быў перададзены праз дзяжурнага 
                      супрацоўніка МУС міністру Уладзіміру Навумаву.  
                    Усяго праваабаронцы раздалі каля 1400 асобнікаў гэтай брашуры, 
                      каб людзі змаглі азнаёміцца з праблемай правоў чалавека 
                      на Беларусі і яе аналізам еўрапейскімі структурамі. 
                    Супрацоўнікі праваахоўных органаў назіралі за акцыяй, але 
                      перашкодаў не чынілі.  
                    У гэты ж дзень Дзяржаўны дэпартамэнт Злучаных Штатаў выступіў 
                      з заявай, у якой Беларусь названая адной з краін, дзе перасьледуюцца 
                      змагары за правы чалавека. Раней на гэтым тыдні і група 
                      нобэлеўскіх ляўрэатаў зьвярнула ўвагу на парушэньні правоў 
                      працоўных у Беларусі. 
                    Хартия-97  |