Пяты год у турмах адбываюць пакараньне 
                      людзі, якіх прызналі вінаватымі ў бандытызьме і выкраданьні 
                      апэратара тэлеканалу ОРТ Зьмітра Завадзкага — гэтак званая 
                      банда Ігнатовіча. Ніводны зь іх сваёй віны не прызнаў. Сьледзтва 
                      не дало адказу на пытаньне, які ж лёс напаткаў Завадзскага 
                      пасьля ягонага зьнікненьня. Наш карэспандэнт сустрэўся з 
                      бацькамі асуджаных, якія ў адзін голас кажуць пра рэпрэсіі, 
                      што ў апошні час абрынуліся на іх сыноў у турме. 
                     
                      Валянціна Поклад адна гадавала двух сыноў. Старэйшы Максім, 
                      былы лейтэнант міліцыі, надзея і апора — цяпер у дваццаці 
                      кілямэтрах ад дому — адбывае ў жодзінскай турме пажыцьцёвае 
                      пакараньне разам з Валерам Ігнатовічам. Валянціна Поклад 
                      кажа: зь Ігнатовічам яе сын толькі знаёмы, ніякім выкраданьнем, 
                      а тым больш забойствам людзей яны не займаліся, а ўсяго 
                      зьезьдзілі раз ў Чачню, спрабавалі наняцца кантрактнікамі 
                      ў расейскае войска, каб зарабіць грошы.  
                    (Поклад: ) «Калі арыштавалі Максіма, гэта было 8 верасьня 
                      2000 году. Там сьледчы Бранчаль заявіў мне, што сыну высунутае 
                      абвінавачваньне, але зусім не па Завадзкаму, зусім не па 
                      забойствам, а па эпізодзе з супрацоўнікам міністэрства культуры 
                      Грачовым, што яго вывозілі ў лес і катавалі. Гэта было 13 
                      траўня. Мяне спыталі, дзе сын быў 13 траўня, і толькі праз 
                      месяц я згадала».  
                    Потым Валянціна Поклад прадставіць сьледзтву і сьведкаў, 
                      якія пацьвердзяць, што сын у той дзень езьдзіў да сваякоў 
                      ў вёску, але гэтыя паказаньні судом ня будуць улічаныя. 
                      Жанчына мяркуе: таму, што яны разыходзіліся з вэрсіяй, паводле 
                      якой Ігнатовіч помсьціў Завадзкаму.  
                    У Чачню Ігнатовіч ды іншыя пасьля асуджаныя выправіліся 
                      неўзабаве пасьля таго, як зьнік Завадзкі. Але ў Чачні Ігнатовічу 
                      і ягоным сябрам не пашанцавала: мала што іх не ўзялі ваяваць, 
                      дык яшчэ затрымалі аўтамабіль ды ўчынілі ўсім пасажырам 
                      дэталёвую праверку. У выніку зьвесткі пра беларускіх спэцназаўцаў 
                      у Чачні сталі вядомыя ў Беларусі. І калі Ігнатовіч вярнуўся, 
                      яго, а пасьля іншых, затрымалі. З Чачнёй сьледзтва злучыла 
                      і падставу да помсты журналісту. У адным інтэрвію Зьміцер 
                      сапраўды згадаў, што падчас камандзіроўкі у Чачню бачыў 
                      там беларускіх спэцназаўцаў. Паводле сьледзтва, ён меў на 
                      ўвазе Ігнатовіча з саўдзельнікамі і тыя нібыта не даравалі 
                      апэратару...  
                    Да чачэнскай вандроўкі групы Ігнатовіча датычны і асноўны 
                      рэчавы доказ, прад’яўлены сьледзтвам на карысьць вэрсіі 
                      пра выкраданьне Завадзкага. Гэта рыдлёўка зь біялягічным 
                      рэчывам журналіста, нібыта знойдзеная ў багажніку аўтамабіля 
                      Ігнатовіча. Але ніхто з групоўкі не пацьвердзіў, што бачыў 
                      яе там.  
                    (Поклад: ) «Рыдлёўку, гэтую, лічу падкінулі. Першае, машыну 
                      аглядалі яшчэ ў Чачні і апісалі, што там было, і тады рыдлёўку 
                      не знайшлі. Але нават калі ўявіць, што Ігнатовіч гэта зрабіў, 
                      то, ўлічваючы ягоны досьвед працы ў органах, ён бы гэтую 
                      рыдлёўку ў багажніку не трымаў».  
                    Маці Максіма Маліка таксама перакананая, што Ігнатовіча 
                      даводзяць да заўчаснай сьмерці, каб назаўсёды прывязаць 
                      яго да выкраданьня Завадзкага і адвесьці падазрэньні ад 
                      сапраўдных злачынцаў. Я спытаў у жанчыны, а што адбываецца 
                      ў турме зь яе сынам?  
                    (Валянціна Поклад: ) « Максіма пазбавілі перадачы. Вось 
                      да Новага году я мусіла яму адвезьці перадачу харчовую, 
                      адзіную ў гаду, пазбавілі. Цяпер я ведаю чаму. У іх там 
                      новы корпус будавалі, і вязьняў задзейнічалі на будоўлі, 
                      дык Максім адмовіўся. Я разгубілася, дык на спатканьні нават 
                      размаўляць не магла. А ён тлумачыць: «Разумееш, атрымоўваецца, 
                      што я сваімі рукамі будую сабе турму.» Але ня толькі камэра 
                      ўзьдзейнічае. На іх жа ўсіх працягваюць ціснуць сьледчыя». 
                     
                    Ці сапраўды сьледчыя пракуратуры працягваюць сустракацца 
                      з асуджанымі за выкраданьне Зьмітра Завадзкага? У пракуратуры 
                      Беларусі мне пацьвердзілі, што справа не закрытая і сьледчыя 
                      дзеяньні па ёй працягваюцца, але не ўдакладнілі, якія менавіта. 
                      Я паспрабаваў атрымаць камэнтары да прэтэнзіяў з боку сваякоў 
                      Ігнатовіча і ягоных саўдзельнікаў ў сьледчага Уладзіміра 
                      Чумачэнкі зь менскай пракуратуры. Уладзімір Чумачэнка удзельнічаў 
                      у расьсьледаваньні справы Завадзкага і перакананы, што працу 
                      сваю зрабіў сумленна. А падрабязьней размаўляць на гэтую 
                      тэму сьледчы адмовіўся.  
                    (Чумачэнка: ) « Па гэтай не закрытай справе не хацелася 
                      б пакуль даваць інтэрвію, таму, прабачце, нічога казаць 
                      ня буду. А што да прэтэнзіяў сваякоў, дык хіба яны могуць 
                      быць аб’ектыўнымі? Хіба бацькі што скажуць супраць сваіх 
                      дзяцей?»  
                    А ці згодна з высновай суда маці Зьмітра Завадзкага? Вольга 
                      Завадзкая прысутнічала на працэсе і мяркуе, што на лаве 
                      падсудных былі не ўсе вінаватыя ў выкраданьні яе сына.  
                    (Вольга Завадзкая : ) «У мяне няма сумневу, што ў гэтай 
                      справе вінаваты ня толькі Ігнатовіч з саўдзельнікамі. А 
                      што да таго, што на іх ідзе прэсінг і ціск, то, зразумела, 
                      яны непажаданыя».  
                    У Ігнатовіча за паўгода працэсу было некалькі адвакатаў, 
                      але іхныя прозьвішчы бацькі не назвалі. А вось маці Максіма 
                      Маліка згадала: сына бараніў барысаўскі адвакат Ігар Іваноў. 
                      Мне ўдалося зь ім злучыцца, але камэнтар адваката да справы 
                      быў кароткім, хаця і паказальным.  
                    (Іваноў: ) «Вы мусіце разумець, што я не магу выказваць 
                      сваё меркаваньне, паколькі мушу падтрымліваць меркаваньне 
                      свайго кліента. А ягоная пазыцыя — гэта непрызнаньне віны 
                      цалкам, у поўным аб’ёме».  
                    Паводле Валянціны Поклад ад яе сына Максіма Маліка ўжо 
                      даўно не было лістоў, таму яна непакоіцца, ці не патрапіў 
                      сын ў карцэр. А вось маці другога саўдзельніка Ігнатовіча, 
                      Аляксея Гуза, дакладна ведае, што яе сын цяпер сядзіць ў 
                      карцэры. Толькі за што — ёй невядома. 
                     
                     
                      Алег Грузьдзіловіч 
                      «Радыё Свабода» 
                     
                       
                     
                     |