Дзейная Канстытуцыя патрабуе, каб прэзыдэнцкія 
                      выбары адбыліся не пазьней як за два месяцы да заканчэньня 
                      паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы — гэта значыць, да 20 ліпеня. 
                      Ці могуць выбары адбыцца раней, у Канстытуцыі не патлумачана. 
                      Гэтым і скарысталіся дэпутаты, якія на сёньняшнім пазачарговым 
                      паседжаньні Палаты прызначылі выбары на 19 сакавіка. 
                     
                      Уладзімер Канаплёў, які вёў паседжаньне, паведаміў: экспэрты 
                      ў правядзеньні выбараў прызналі, што гэта найлепшы час для 
                      такіх кампаніяў. Намесьнік старшыні парлямэнцкай камісіі 
                      Іван Семяненя прывёў шэраг аргумэнтаў на карысьць такой 
                      даты. У прыватнасьці, ён адзначыў, што, калі выбары прызначыць 
                      на ліпень, дык асноўны пэрыяд падрыхтоўкі да іх прыпадзе 
                      на лета, а гэта — пара адпачынкаў:  
                    (Семяненя: ) «Частка выбарчых участкаў будзе ў студэнцкіх 
                      інтэрнатах. А паколькі студэнты разьяжджаюцца падчас летніх 
                      вакацыяў, дык можа атрымацца так, што ўчасткі наагул ня 
                      будуць функцыянаваць. Да таго ж шмат пэдагогаў уваходзяць 
                      у склад выбарчых камісіяў, а ім патрэбна займацца тэставаньнем, 
                      падрыхтоўкай да ўступных экзамэнаў ды іншым. Акрамя таго, 
                      восеньню 2006 году пачнецца падрыхтоўка да выбараў у мясцовыя 
                      саветы. Правядзеньне дзьвюх выбарчых кампаніяў у адзін год 
                      з такім маленькім прамежкам вельмі напажадана».  
                    Сем дэпутатаў, якія выступілі ў спрэчках, ад Сяргея Гайдукевіча 
                      да Анатоля Салаўёва, падтрымалі прапанову. У прыватнасьці, 
                      Вольга Абрамава адзначыла, што хаця шмат хто і чакаў, што 
                      выбары будуць прызначаныя на лета, але палітычныя партыі 
                      Беларусі «заўжды мабілізаваныя і змогуць актыўна ўдзельнічаць 
                      у гэтай кампаніі».  
                    А дэпутат Валянціна Качан з парлямэнцкай трыбуны нават 
                      чытала вершы:  
                    (Качан: ) «Як лекар і жанчына, я хачу зьвярнуць увагу на 
                      яшчэ адзін момант. Я вось цяпер сяджу, слухаю, а ў галаве 
                      чамусьці словы песьні: «И даже пень в весенний день березкой 
                      снова стать мечтает…» Таму, мне здаецца, што буслы прыносяць 
                      дзяцей менавіта ўвесну, і таму, калі ты плянуеш сям’ю і 
                      хочаш стабільнасьці ў ёй, дык гэта лепш за ўсё рабіць увесну». 
                     
                    Дэпутат Сяргей Касьцян падкрэсьліў, што Камуністычная партыя 
                      Беларусі, у якую ён уваходзіць, яшчэ ў кастрычніку на сваім 
                      зьезьдзе выказалася «за як мага больш хуткае правядзеньне 
                      прэзыдэнцкіх выбараў» і назвала сваім кандыдатам Аляксандра 
                      Лукашэнку:  
                    (Касьцян: ) «І як кіраўнік славянскага руху ў нашай рэспубліцы, 
                      я заяўляю, што мы падтрымліваем і дату правядзеньня выбараў, 
                      і мы будзем таксама працаваць на кандыдатуру Аляксандра 
                      Рыгоравіча Лукашэнкі». 
                     
                     
                      Уладзімер Глод 
                      «Радыё Свабода» 
                     |