«Джынсавая рэвалюцыя» — гэта загаловак артыкулу, 
                      зьмешчанага на старонках польскага цэнтрысцкага выданьня 
                      «Gazeta Wyborcza». З публікацыяй знаёміць Радыё Палёнія. 
                     
                    «Беларусы патрабуюць нашай падтрымкі, так як год таму яе 
                      патрабавалі ўкраінцы. Зь Беларусяй будзе больш цяжка, але 
                      дамо рады», — пераконваюць маладыя людзі. Варшаўскія беларусы 
                      і ўкраінцы ўпершыню разам арганізоўваюць супольную дэманстрацыю. 
                     
                    Ніхто не павінен зьдзіўляцца, калі сёньня атрымае SMS-паведамленьне 
                      наступнага зьместу: «У пятніцу, 16 сьнежня, ва ўсёй Польшчы 
                      й Эўропе будзем дэманстраваць сваю салідарнасьць зь Беларусяй. 
                      Прыйдзі а 18.00 пад будынак Бэльвэдэру. Перадай згаданую 
                      інфармацыю іншым».  
                    Калі нехта не атрымае згаданага SMS-паведамленьня, хай 
                      перапіша яго з газэты й адправіць сваім сябрам. Такім чынам 
                      ён возьме ўдзел у вялікай акцыі падтрымкі беларускай апазыцыі. 
                     
                    16-ы дзень месяца — гэта ў Беларусі асаблівы дзень — 16 
                      сьнежня 1999 году ў нявысьветленых умовах зьнік былы старшыня 
                      Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар і бізнэсмэн Анатоль 
                      Красоўскі. Кожны год у гэты дзень праходзілі дэманстрацыі 
                      пад назовам «Мы памятаем». Апошнім разам у Менску міліцыя 
                      жорстка разагнала некалькі дзесяткаў дэманстрантаў і адабрала 
                      ў іх забароненыя бел-чырвона-белыя сьцягі. Менавіта тады 
                      адзін з апазыцыянэраў узьняў замест сцяга сваю джынсавую 
                      куртку.  
                    «Шмат маладых людзей, якія хочуць прадэманстраваць свой 
                      пратэст у дачыненьні да рэжыму, апранае нешта джынсавае. 
                      Апрача таго, з 16-га кастрычніка кожны месяц а 20.00 гадзіне 
                      людзі ў Беларусі выключаюць сьвятло й ставяць на падаконьніках 
                      сьвечкі. У гэты час па ўсім сьвеце мы арганізоўваем дэманстрацыі 
                      падтрымкі,» — расказвае Антось Цялежнікаў — студэнт зь Беларусі, 
                      які вучыцца ў Польшчы.  
                    У лістападзе пад будынак Сэйму прыйшло толькі некалькі 
                      дзясяткаў асобаў. Гэта, паводле Яцка Кастэлянца, які дапамагаў 
                      арганізаваць акцыі ў падтрымку «аранжавай рэвалюцыі» ва 
                      Ўкраіне, сапраўды мала. У лістападзе ён разам з калегамі 
                      ўдзельнічаў у мерапрыемстве з нагоды адзначэньня 15-годзьдзя 
                      існаваньня нелегальнага Беларускага ліцэя. Тады яны вырашылі 
                      дапамагчы беларусам і кожны 16-ы дзень месяца праводзіць 
                      маніфэстацыі. Ці доўга гэта будзе працягвацца?  
                    Учора Кастэлянец прасядзеў увесь дзень, тэлефануючы СМІ. 
                      Іншыя займаліся расклейваньнем плякатаў у горадзе. У акцыю 
                      ўключыліся таксама ўкраінцы, якія жывуць у Варшаве.  
                    «Мы прыходзілі на дэманстрацыі ў падтрымку «аранжавай рэвалюцыі», 
                      цяпер украінцы прыйдуць на нашую «джынсавую» рэвалюцыю. 
                      У нас рэжым больш жорсткі, чым быў ва Ўкраіне. Беларусы 
                      павінны ведаць, што яны не адні. Трэба прыйсьці ў пятніцу 
                      і ўзяць з сабою сьвечкі,» — запрашае Антось Цялежнікаў у 
                      размове з журналістам цэнтрысцкага выданьня «Gazeta Wyborcza» 
                      .  
                    У сваю чаргу прэстыжнае польскае выданьне «Rzeczpospolita» 
                      дадае, што падчас дэманстрацыі яе ўдзельнікі намерваюцца 
                      перадаць прадстаўніком Сэйму пэтыцыю, якая заклікае польскія 
                      ўлады да большага заангажаваньня ў абарону свабоды слова 
                      й дэмакратычных каштоўнасьцяў у Беларусі.  
                    «Ля Бэльвэдэру дэманстранты пройдуць да Амбасады Рэспублікі 
                      Беларусь і перададуць зьмест пэтыцыі амбасадару. А 19-й 
                      гадзіне, як і ў Беларусі, мы запалім сьвечкі салідарнасьці. 
                      Пазьней адбудзецца «ўкраінская частка», прысьвечаная гадавіне 
                      «аранжавай рэвалюцыі», — паясьніла Катажына Чапутовіч, суарганізатарка 
                      акцыі.  
                    Пасьля заканчэньня дэманстрацыі ў студэнцкім «Клюбе Мэдыка» 
                      адбудзецца бясплатны канцэрт гурту «Сцяна» — інфармуе прэстыжнае 
                      выданьне «Rzeczpospolita». 
                     
                      Хартия-97  
                     |