Сын забітай журналісткі Веранікі Чаркасавай 
                      Антон Філімонаў Новы год сустракаў у камэры сьледчага ізалятара. 
                      16-гадовага Антона затрымалі 27 сьнежня супрацоўнікі Першамайскага 
                      ўпраўленьня ўнутраных справаў. Яго падазраюць у вырабе і 
                      распаўсюдзе беларускіх грашовых купюраў. Бабуля Антона Дыяна 
                      Чаркасава лічыць, што да ўнука паставіліся вельмі жорстка, 
                      абраўшы мерай стрыманьня арышт. Яна перадала яму харчы і 
                      навагоднюю перадачу. 
                       
                      Супраць Антона Філімонава і некалькіх яго знаёмых распачатая 
                      крымінальная справа за падробку і распаўсюд грашовых знакаў. 
                      Антона Філімонава разам зь яго знаёмым затрымалі на тралейбусным 
                      прыпынку ўвечары 27 сьнежня. Антон патлумачыў, што хлопцы 
                      спрачаліся, у каго лепшы кампутар, і зрабілі кожны на сваім 
                      грашовыя купюры. У іх знайшлі тры купюры па 10 000 рублёў, 
                      і чатыры — па 5 000. Адзін юнак, каб праверыць якасьць, 
                      нават набыў у шапіку цыгарэты і каву, але яго на гэтым схапілі. 
                      Трое сутак Антон правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня, 
                      а потым яго перавялі ў камэру сьледчага ізалятара.  
                    Бабуля Антона Дыяна Чаркасава ўзгадала, як дзяўчынкай насіла 
                      туды перадачы сваёй матулі. Бацькоў, якія былі ў партызанах, 
                      арыштавалі пасьля вайны.  
                    (Чаркасава: ) «Некаму спатрэбілася наша кватэра. Усіх забралі. 
                      Нас з братам накіравалі да бабулі. Так і хадзілі ў 11-гадовым 
                      узросьце, перадачы насілі на Валадарку. Потым іх выпусьцілі… 
                      Рэабілітавалі. Папрасілі прабачэньня… А жыцьцё разбурылі, 
                      ды й сям’я распалася.»  
                    Дыяна Чаркасава на Новы год перадала ўнуку шакалядку, мандарын 
                      і кавалак сыру. Яна лічыць, што сьледчыя дабіліся арышту 
                      Антона, бо баяліся, што ён зьедзе ў Маскву да свайго бацькі. 
                     
                    (Чаркасава: ) «Так, ён зрабіў глупства. Але ж гэта яшчэ 
                      дзіця. Людзі ў 16 гадоў ня так разумеюць жыцьцё, і ня так 
                      да яго ставяцца, як у 50. Разам зь ім было яшчэ чацьвёра 
                      хлопцаў, дык усіх адпусьцілі, а яго арыштавалі. Можа, ўлады 
                      спалохаліся, што зноў у Маскву зьедзе да бацькі. А ён ня 
                      можа жыць далёка ад Радзімы… На жаль!»  
                    Антон паведаміў на допыце, што да яго прыходзілі ў камэру 
                      сьледчыя ў справе забойства яго маці. Журналістку Вераніку 
                      Чаркасаву забілі 20 кастрычніка 2004 году ва ўласнай кватэры, 
                      калі яна зьбіралася на працу. Антон і айчым Веранікі Ўладзімір 
                      Мялешка, якія першымі ўвайшлі ў кватэру і самі выклікалі 
                      міліцыю, былі прызнаныя падазраванымі ў забойстве. У чэрвені 
                      2005 году зь іх зьнялі статус падазраваных, а ў сьнежні 
                      справу спынілі.  
                    (Чаркасава: ) «Мы размаўлялі зь нейкімі начальнікамі. Яны 
                      нам адказалі: «А гэта ня допыт. Гэта яны зь ім размовы праводзяць.» 
                      Канешне, калі кажуць: «Ты ў нашых руках, і мы што захочам, 
                      то з табой і зробім!», — дык гэта называецца размова?!» 
                     
                    Бабуля і дзед Антона непакояцца, што ў хлопчыка зноў будуць 
                      праблемы са здароўем. Летась пасьля трагічнай сьмерці матулі 
                      і допытаў Антон трапіў у псыхіятрычны шпіталь. Адтуль яго 
                      забраў бацька ў Маскву. Як толькі з хлопчыка зьнялі падазрэньні, 
                      ён вярнуўся ў Менск да бабулі. 
                     
                     
                      «Радыё Свабода» 
                     
                     |