З моманту зьнікненьня генэрала Захаранкі 
                      мінула амаль 7 гадоў. Што ён жывы, верыць усё менш людзей. 
                      Сярод тых, хто не пазбавіўся такой веры, найперш маці. 
                       
                      81-гадовая Ульяна Захаранка, якая жыве ў Васілевічах, сына 
                      згадвае штодня:  
                    (Ульяна Захаранка: ) «Я ўсё думаю, што ён дзесьці жывы. 
                      Усё я думаю, што ён вось-вось да мяне вернецца. Толькі ня 
                      ведаю, я яго дачакаюся ці не... Варажылі, што ён вернецца, 
                      але мяне ўжо не застане. Варожка глянула на фотаздымак ды 
                      кажа, што вось гэты чалавек жывы. Але ў яго столькі праблем, 
                      што ён бедны ня ведае, дзе душу падзеці. Але хутка вернецца. 
                      Я гэтак і думаю. А дачка яго кожны тыдзень зь Нямеччыны 
                      тэлефануе. Казала: мне так татка насьніўся...»  
                    Жонка і дзьве дачкі Юры Захаранкі жывуць у Нямеччыне, дзе 
                      атрымалі палітычны прытулак. Яны падтрымліваюць сувязь ня 
                      толькі з Ульянай Захаранка, а й з паплечнікамі мужа й бацькі. 
                      У прыватнасьці, з актывістам Аб’яднанай грамадзянскай партыі 
                      Васілём Шлындзікавым, які сябраваў з Захаранкам:  
                    (Шлындзікаў: ) «Генэральскае званьне ён у адрозьненьне 
                      ад многіх меў заслужана. Увесь яго характар, учынкі адпавядалі 
                      высокаму вайсковаму званьню абаронцы. Ён быў сьціплы і вельмі 
                      надзейны. Захаранка быў менавіта такім чалавекам».  
                    У фільме Юры Хашчавацкага «Звычайны прэзыдэнт» Юры Захаранка 
                      патлумачыў, чаму ён спыніў супрацоўніцтва зь цяперашняй 
                      уладай:  
                    (Юры Захаранка: ) «Калі я даведаўся, што ўяўляе сабою Аляксандр 
                      Рыгоравіч, я зразумеў, што сама форма яго і зьмест — гэта 
                      зусім супрацьлеглыя паняцьці. Тая шчыраць, якая заўважаецца 
                      на экране, яна не адпавядае ўнутранаму зьместу».  
                    Нядаўна Васілевічы наведаў прэтэндэнт на прэзідэнта ад 
                      аб’яднанай апазыцыі Аляксандр Мілінкевіч, дзе сустрэўся 
                      са сваякамі і землякамі зьніклага палітыка:  
                    (Мілінкевіч: ) «Асабіста я ня быў знаёмы з Юры Захаранкам. 
                      Але ведаю, што гэты чалавек карыстаўся вялікай павагай сярод 
                      супрацоўнікаў МУС. Таму што чалавек быў прафэсіяналам. І 
                      акрамя таго, ён чалавек быў вельмі мужны, таму што толькі 
                      адзінкі чыноўнікаў выступілі супраць беззаконьня ў краіне». 
                     
                    У справе афіцыйнага расьсьледаваньня абставін зьнікненьня 
                      Юры Захаранкі па-ранейшаму ніякага прагрэсу. Гаворыць праваабаронца 
                      Алег Волчак:  
                    (Волчак: ) «Як заўжды, яно будзе падоўжвацца на тры месяцы. 
                      Мы не бачым, што там рэальна праводзяцца нейкія сьледчыя 
                      дзеяньні і хтосьці нешта рэальна шукае».  
                    Юры Захаранка нарадзіўся 4 студзеня 1952 году ў мястэчку 
                      Васілевічы на Гомельшчыне. У 1994 годзе зацьверджаны Вярхоўным 
                      Саветам на пасаду міністра ўнутраных спраў Беларусі. Падтрымліваў 
                      тагачасны парлямэнт у супрацьстаяньні Аляксандру Лукашэнку, 
                      У 1995 годзе кіраўнік краіны накіраваў генэрала Захаранку 
                      ў адстаўку. Пасьля гэтага экс-міністар стаў актыўна займацца 
                      палітыкай, браў удзел у апазыцыйных акцыях. У 1998 годзе 
                      Юры Захаранка ўвайшоў у склад створанага дэмакратычнымі 
                      сіламі Нацыянальнага выканаўчага камітэту. 7 траўня 1999 
                      году ён зьнік пры абставінах, якія дагэтуль застаюцца нявысьветленымі. 
                     
                    Дэмакратычная грамадзкасць у Беларусі штомесяц 16 дня адзначае 
                      Дзень салідарнасьці са зьніклымі асобамі, з ахвярамі палітычных 
                      рэпрэсіяў, з усімі тымі, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю. 
                     
                      «Радыё Свабода» 
                     
                     |