Свой дзень нараджэньня вядомы палітык сустрэне 
                      ў менскай калёніі. Ён сьцьвярджае, што патрапіў туды за 
                      апазыцыйную дзейнасьць. 
                     Беларускі закон ня робіць ніякіх паслабленьняў рэжыму 
                      для вязьняў у дзень іх нараджэньня. Ані падмацаваньня ў 
                      харчаваньні, ані вызваленьня ад працы тым, хто заняты на 
                      нейкіх работах. Але часам прыемныя для вязьня падзеі супадаюць 
                      з днём нараджэньня, і менавіта гэтага прыемнага супадзеньня 
                      чакае сёньня Міхаіл Марыніч. Да яго на сустрэчу прыйдуць 
                      сыны Ігар і Павал, а потым на доўгатэрміновае спатканьне 
                      застанецца жонка Тацьцяна. Напярэдадні Ігар Марыніч распавёў 
                      мне, як яны зьбіраюцца павіншаваць бацьку са сьвятам.  
                    (Ігар Марыніч: ) «Туды ж ня кожны падарунак пранесьці можна. 
                      Хацелася б яму сур’ёзную кнігу падараваць, але могуць не 
                      прапусьціць. Таму мы ў разгубленасьці. Відаць, купім торцік. 
                      Для яго галоўнае, мяркую, не матэрыяльныя нейкія падарункі, 
                      а магчымасьць пабачыцца, паразмаўляць. Перададзім віншаваньні 
                      ад сваякоў і сяброў, пакажам фотаздымкі ўнукаў».  
                    Міхаіл Марыніч другі раз будзе сьвяткаваць дзень нараджэньня 
                      за кратамі: мінулым годам — у менскім сьледчым ізалятары, 
                      цяпер — у калёніі на сталічнай вуліцы Кальварыйскай. Некалькі 
                      гадоў за гэтымі ж сьценамі адсядзеў вядомы апазыцыянэр, 
                      былы дэпутат Андрэй Клімаў. Цяпер спадар Клімаў адбывае «хімію» ў Крупках Менскай вобласьці, але тэлефонную сувязь 
                      зь ім падтрымліваць магчыма. Я спытаў Андрэя Клімава, як 
                      яму даводзілася адзначаць дзень нараджэньня ў калёніі на 
                      Кальварыйскай.  
                    (Клімаў: ) «З сябрамі шакалядку зьелі, гарбаты папілі, 
                      мне падарылі паштоўку, вось і ўсё. А яшчэ на дзень нараджэньня 
                      ў турму мне жонка перадавала курыцу фаршыраваную. Для Клімава 
                      прапускалі».  
                    Андрэй Клімаў перадаў свае віншаваньні Міхаілу Марынічу 
                      з днём нараджэньня і пажаданьні здароўя. А таксама — перамогі 
                      на выбарах таго кандыдата, за якога прагаласаваў бы Міхаіл 
                      Марыніч, каб быў на волі.  
                    Паводле беларускіх законаў, асуджаныя ня маюць права ўдзелу 
                      ў выбарах, пакуль зь іх ня зьнятае пакараньне. Два гады 
                      таму да арышту Міхаіл Марыніч заяўляў пра свой удзел у прэзыдэнцкім 
                      маратоне 2006 году. Ягоныя сыны кажуць, што сёньня падчас 
                      сустрэчы паспрабуюць высьветліць меркаваньне бацькі пра 
                      ход перадвыбарчай кампаніі. 
                       
                     
                    Алег Грузьдзіловіч 
                      Радыё Свабода 
                     
                     
                     |