Дакладчык Камісіі правоў чалавека Арганізацыі
аб’яднаных нацый Адрыян Сэвэрын падчас двухдзённага знаходжаньня
ў Брусэлі сустрэўся з амбасадарамі ўсіх 25 краінаў Эўразьвязу,
прадстаўнікамі Рады Эўропы і Эўрапейскай камісіі, у тым
ліку і адмысловым прадстаўніком Хавіера Саляны ў правах
чалавека Майклам Мацісэнам, а таксама прадстаўнікамі шэрагу
міжнародных арганізацыяў. У часе сустрэчаў была абмеркаваная
палітычная і грамадзкая сытуацыя ў Беларусі.
Большасьць гэтых спатканьня адбываліся без прысутнасьці
журналістаў, аднак завяршаючы сваё знаходжаньне ў Брусэлі
Адрыян Сэвэрын заявіў, што адна з галоўных мэтаў ягонага
візыту дасягнутая — эўразьвязаўскія чыноўнікі запэўнілі,
што Эўрапейскі Зьвяз падтрымае рэзалюцыю ў справе правоў
чалавека ў Беларусі, якую рыхтуе спадар Сэвэрын.
Дэбаты ў ААН ў справе гэтай рэзалюцыі заплянаваныя на сакавік.
Між тым раней, у часе кароткага знаходжаньня ў Варшаве,
Адрыян Сэвэрын заявіў нашаму радыё, што хаця галоўная роля
ў тым, каб у Беларусі пачаліся дэмакратычныя перамены належыць
самім беларусаў, міжнародная супольнасьць, аднак, павінна
падтрымліваць беларускае грамадзтва.
(Сэвэрын: ) «Міжнародная дэмакратычная супольнасьць павінна
працаваць больш актыўна і салідарна, каб мець у гэтай справе
адну агульную для ўсіх пазыцыю. І гэта робіцца — мы не спыніліся».
Аляксей Дзікавіцкі
Радыё Свабода
|