Сёньня чацьвёрты раз адбылася акцыя салідарнасьці 
                      зь сем’ямі зьніклых і палітвязьняў. Нагадаем, арганізатары 
                      акцыі заклікаюць грамадзянаў 16-га чысла кожнага месяца 
                      а 8-й вечара выключаць сьвятло і запальваць на вокнах сьвечкі. 
                      Некалькі дзесяткаў сяброў моладзевых незарэгістраваных арганізацый 
                      правялі акцыю пратэсту ў цэнтры Менску. Яны былі апранутыя 
                      ў джынсавую вопратку і раздавалі мінакам джынсавыя стужкі. 
                      Джынс маладыя беларускія актывісты абралі сымбалем пераменаў. 
                      Супрацоўнікі міліцыі не разганялі акцыю, але затрымалі двух 
                      актывістаў руху «Зубр». 
                     
                      У дзяжурнай частцы міліцыі Цэнтральнага раёну знаходзяцца 
                      актывісты моладзевага руху «Зубр» Натальля Ўшко і Аляксей 
                      Ляўковіч. Іх затрымалі пасьля таго, як моладзь пачала разыходзіцца. 
                     
                    А 18-й гадзіне вечара больш за сотню маладых людзей сабраліся 
                      на праспэкце Францішка Скарыны ля ГУМу. Сярод іх былі прадстаўнікі 
                      розных незарэгістраваных моладзевых арганізацый. Яны былі 
                      апранутыя ў джынсы. Апроч таго, на іх вопратцы былі замацаваныя 
                      джынсавыя стужкі. На елку, якая стаяла ля ганку ГУМу юнакі 
                      павесілі сьцяжкі з джынсавай тканіны з лягатыпам акцыі салідарнасьці 
                      зь сем’ямі зьніклых і палітвязьняў.  
                    Прэсавы сакратар руху «Зубр» Аляксандр Атрошчанкаў паведаміў «Свабодзе», што моладзевая акцыя ёсьць яшчэ адным сродкам 
                      данясеньня інфармацыі да грамадзкасьці:  
                    (Атрошчканкаў: ) «У нашых умовах моладзь ды іншыя мусяць 
                      шукаць новыя мэтады. Як мы бачым, гэта вельмі эфэктыўна. 
                      Шмат хто зь людзей бярэ джынсавыя стужкі зараз і нават замацоўваюць 
                      іх на вопратцы. Джынсавы колер — колер супраціву. Джынсы 
                      заўсёды апраналі свабодныя людзі. Сёньня гэта яшчэ й пратэст 
                      студэнтаў супраць гвалтоўнага збору подпісаў за Лукашэнку». 
                     
                    Большасьць удзельнікаў акцыі студэнты. Хлопцы раздавалі 
                      мінакам джынсавыя стужкі.  
                    (Вінярскі: ) «У нас адзіная магчымасьць выказаць свой пратэст 
                      — гэта выйсьці з джынсавымі стужкамі ў джынсавым адзеньні. 
                      Трэба паказаць, што мы думаем, пакаць што ГЭТА пачалося 
                      і гэта не спыніць. Салідарнасьць падыме наш народ. Людзі 
                      павінны пазбавіцца страху.»  
                    Людзі, якія чакалі грамадзкага транспарту на прыпынку насупраць 
                      ГУМу, падыходзілі да ўдзельнікаў акцыі і запытвалі што адбываецца. 
                      Ім распавядалі пра акцыю салідарнасьці. Апроч таго, студэнты 
                      выказваліся супраць прымусовага збору подпісаў за Аляксандра 
                      Лукашэнку.  
                    Супрацоўнікі міліцыі, спэцназу і іншых структураў назіралі 
                      за натоўпам, але не разганялі моладзь.  
                    Напрыканцы акцыі да елкі падышлі супрацоўнікі камунальных 
                      службаў і пачалі здымаць джынсавыя сьцяжкі. Пачуўшы шмат 
                      жартаў з боку моладзі, яны забралі шуфлі са сьмецьцем і 
                      адышлі. Да падземнага пераходу пад’ехала міліцэйская машына, 
                      але студэнты ўжо разыходзіліся. Актывістаў моладзевага руху «Зубр» Аляксея Ляўковіча і Натальлю Ўшко затрымалі ў мэтро 
                      на станцыі «Кастрычніцкая». Аляксей Ляўковіч і Натальля 
                      Ўшко не аднойчы адбывалі арышт у камэры спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка 
                      на вуліцы Акрэсьціна за ўдзел у несанкцыянавах мерапрыемствах. 
                      Іх адвезьлі ў Цэнтральны РУУС.  
                    Супрацоўнікі міліцыі паведамілі, што гэтым разам складуць 
                      пратакол паводле 143 артыкулу Адміністрацыйнага кодэксу 
                      (самавольнае вывешваньне бялізны і іншых прадметаў на балконах 
                      і фасадах дамоў, якія парушаюць архітэктурны ансамбаль будынку). 
                      Актывістаў «Зубру» пасьля гэтага адпусьцілі. Адміністрацыйны 
                      пратакол будзе разглядаць камісія ў райвыканкаме.  
                     
                    Радыё Свабода  
                      |