Акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю — дэманстрацыі, 
                      мітынгі і пікеты — прайшлі 16 студзеня ў больш як дзясятку 
                      польскіх гарадоў і ў некаторых заходнеэўрапейскіх сталіцах. 
                      Самая масавая зь іх адбылася ў Варшаве. 
                     У Варшаве больш за 300 чалавек — палякаў, беларусаў, украінцаў 
                      — прыйшлі да будынку прадстаўніцтва Эўрапейскай камісіі 
                      і Эўрапейскага парлямэнту ў Польшчы, каб патрабаваць ад 
                      уладаў Эўразьвязу накіраваць сваіх назіральнікаў у Беларусь 
                      на сакавіцкія выбары. Прадстаўнікі гэтых органаў запэўнілі 
                      прысутных, што пэтыцыі будуць перададзеныя ў Брусэль яшчэ 
                      ў панядзелак.  
                    Потым удзельнікі акцыі зь дзясяткамі бел-чырвона-белых 
                      сьцягоў, скандуючы «Салідарнасьць зь Беларусьсю!». «Кіеў, 
                      Менск, Варшава — супольная права!» прайшлі праз цэнтральныя 
                      вуліцы польскай сталіцы да прэзыдэнцкага палацу.  
                    Там прадстаўнікам канцылярыі прэзыдэнта была перададзеная 
                      пэтыцыя з заклікам да Леха Качыньскага пераканаць кіраўнікоў 
                      іншых дзяржаваў Эўразьвязу, каб тыя накіравалі ў Беларусь 
                      як мага больш назіральнікаў.  
                    (Удзельнік акцыі: ) «Я лічу, што мы павінны падтрымліваць 
                      беларусаў. Год таму я прыходзіў на дэманстрацыі падтрымкі 
                      для украінцаў і нешта зьмянілася. Хаця сёньня меў свае справы, 
                      але адкінуў усё і вырашыў, што нельга не прыйсьці».  
                    Потым прысутныя запалілі белыя і чырвоныя сьвечкі каля 
                      помніка Адаму Міцкевічу ў Варшаве.  
                    ***  
                    Тым часам у Беластоку сябры шэрагу недзяржаўных арганізацыяў 
                      на ініцыятыву фундацыі імя Робэрта Шумана выпусьцілі ў паветра 
                      тысячы шарыкаў, да якіх прымацаваныя лісты да беларусаў 
                      на польскай і беларускай мове, у якіх выказваецца падтрымка 
                      для дэмакратычных пераменаў у Беларусі.  
                    (Грундстэйнэ: ) «Мы ведаем што 16-га ў Беларусі людзі ставяць 
                      сьвечкі ў вокнах і таму хочам, каб гэтыя шарыкі занесьлі 
                      і нашую падтрымку беларусам», — кажа Іева Грундстэйнэ — 
                      каардынатарка беластоцкай акцыі.  
                    ***  
                    Пікеты і дэманстрацыі прайшлі сёньня ў больш чым дзесяці 
                      польскіх гарадах, а таксама ў некалькіх заходнеэўрапейскіх 
                      сталіцах — напрыклад, у Стакгольме адбыліся адразу дзьве 
                      акцыі. Адтуль гаворыць журналіст Тобіяс Люнгваль.  
                    (Люнгваль: ) «У часе акцыі выступіў шэраг людзей, у тым 
                      ліку і прадстаўнікі ўраду — адзін зь міністраў. Прыйшлі 
                      некалькі дзесяткаў чалавек. Цікава, што сярод арганізатараў 
                      акцыі — усе палітычныя партыі, што прадстаўленыя ў швэдзкім 
                      парлямэнце».  
                    Тым часам у Антвэрпэне да дня салідарнасьці было прымеркаванае 
                      ўрачыстае набажэнства ў тамтэйшай грэка-каталіцкай царкве 
                       
                       
                      Аляксей Дзікавіцкі 
                      Радыё Свабода  
                     |