У Вільні акцыя салідарнасьці зь сем`ямі 
                      зьніклых і палітвязняў адбылася у трэці раз. На гарадзкую 
                      імпрэзу «Дзень беларуска-літоўскай салідарнасьці» сабралася 
                      больш за сотню чалавек, паведамляе «Радыё Свабода». 
                    Віленская імпрэза да Дню салідарнасьці сабрала поўную залю 
                      людзей розных нацыянальнасьцяў, пераважна беларусаў і літоўцаў, 
                      — больш за сотню чалавек. Акцыя ладзілася у будынку Дому 
                      настаўнікаў на вуліцы Віленскай, гэта месца памятнае беларусам 
                      ранейшымі урачыстымі акадэміямі да Дню Волі.  
                    Адбыўся імправізаваны мітынг на дзьвюх мовах, у якім бралі 
                      удзел і прадстаўнікі беларусаў, і літоўскія палітыкі. Адзін 
                      з выступоўцаў, дэпутат парлямэнту Ёнас Чэкуоліс, прамовіў 
                      ня толькі па-літоўску, але і па-беларуску. У залі побач 
                      з літоўскім быў разгорнуты бел-чырвоны-белы сьцяг.  
                    Акцыю зладзіла моладзевая арганізацыя «Аб`яднаны цэнтар 
                      беларускіх ініцыятываў», да якіх далучыліся беларускія і 
                      літоўскія студэнты, прадстаўнікі розных беларускіх суполак. 
                      Паводле арганізатараў, акцыя скіраваная да шырокай грамадзкасьці. 
                      У распаўсюджаным загадзя паведамленьні, якое падалі многія 
                      інфармацыйныя агенцтвы і інтэрнэт-сайты у Літве, арганізатары 
                      заклікалі: «Лёзунг «За нашу і вашу волю!» дасюль актуальны, 
                      парасткам беларускай свабоды патрэбная ваша падтрымка!» 
                     
                    У часе акцыі упершыню у Літве адбыўся паказ мастацкага 
                      фільму Аляксандра Кудзіненкі «Акупацыя. Містэрыі», забароненага 
                      у Беларусі, а таксама былі прадстаўленыя слайды пра Беларусь, 
                      і рэтраспэктыва здымкаў Руселіка з ранейшых віленскіх акцыяў 
                      да Дню салідарнасьці. А восьмай гадзіне на 15 хвілінаў былі 
                      запаленыя белыя і чырвоныя сьвечкі.  
                    Акцыя была адметная увагай разнастайных сродкаў масавай 
                      інфармацыі Літвы, як на літоўскай, так і на іншых мовах, 
                      — беларускай, польскай, расейскай. Гэта трэцяя акцыя беларуска-літоўскай 
                      салідарнасьці. Два месяцы таму упершыню адбыўся шлях салідарнасьці 
                      па усім значным для беларусаў мясьцінам Вільні, дзе запальваліся 
                      сьвечкі, і а восьмай гадзіне вечара 16 сьвечак былі запаленыя 
                      перад брамай амбасады РБ у Літве. 16 сьнежня летась акцыя 
                      салідарнасьці адбылася ля Вострай брамы, там жа былі запаленыя 
                      сьвечы, а ва уніяцкай царкве Трох віленскіх пакутнікаў у 
                      Базыльянах адбылася літургія па-беларуску і малебен за Беларусь. 
                     
                    Хартия-97  |