Правабарончая арганізыцыя «Human Rights 
                      Watch» апублікавала штогадовую справаздачу аб сытуацыі 
                      ў галіне правоў чалавека ў 70-ці краінах сьвету за 2005 
                      год. У абшырным дакумэнце, які налічвае больш як 500 старонак, 
                      адзначаецца, што за мінулы год сытуацыя з правамі чалавека 
                      ў Беларусі пагоршылася. 
                     
                      У дакумэнце пералічаныя найбольш яркія і гучныя выпадкі 
                      перасьледу апазыцыйных дзеячоў, недзяржаўных арганізацыяў 
                      і незалежных мэдыяў. Для тых, хто рэгулярна слухае «Свабоду», 
                      гэта вядомыя факты. Згадваецца пра зьняволеньне Міхаіла 
                      Марыніча, Сяргея Скрабца, Міколы Статкевіча, Паўла Севярынца 
                      і Андрэя Клімава.  
                    Сярод іншага таксама згадваюцца наступныя факты:  
                    – пад ціскам з боку ўладаў былі вымушаныя спыніць альбо 
                      абмежаваць сваю дзейнасьць праваабарончыя арганізацыі — 
                      у прыватнасьці, Беларускі Хэльсынскі камітэт;  
                    – у красавіку летась быў закрыты Інстытут сацыяльных, эканамічных 
                      і палітычных дасьледаваньняў;  
                    – у сакавіку нібыта за паклёп на прэзыдэнта былі пакараныя 
                      штрафамі рэдактары газэты «Згода»;  
                    – у верасьні быў спынены распаўсюд газэты «Народная Воля», 
                      якая акрамя таго павінна была заплаціць 50 тысяч даляраў 
                      штрафу нібыта за паклёп на аднаго з палітыкаў;  
                    – у кастрычніку быў забіты журналіст Васіль Гроднікаў, 
                      які пісаў палітычныя артыкулы для «Народнай Волі»;  
                    – амаль увесь мінулы год працягваўся перасьлед Саюзу палякаў 
                      Беларусі. Улады не прызналі абранае ў сакавіку кіраўніцтва 
                      Саюзу на чале з Анжалікай Борыс і арганізавалі выбары новага 
                      кіраўніцтва;  
                    – у мінулым годзе беларускія ўлады выслалі некалькі замежных 
                      дыпляматаў і забаранілі ўезд у Беларусь дакладчыка камісіі 
                      правоў чалавека ААН Адрыяна Сэвэрына.  
                    У справаздачы зазначаецца, што пасьля дэмакратычных зьменаў 
                      у Грузіі, ва Ўкраіне і ў Кіргыстане беларускія ўлады робяць 
                      ўсё магчымае, каб не дапусьціць чарговай каляровай рэвалюцыі 
                      падчас прэзыдэнцкіх выбараў.  
                    У справаздачы таксама шмат крытычных заўвагаў на адрас 
                      шэрагу краінаў: Паўночнай Карэі, Кітаю, Узбэкістану і Саудаўскай 
                      Арабіі. Блізкая да Беларусі Расея пад кіраўніцтвам Пуціна, 
                      паводле «Human Rights Watch», імкліва ператвараецца 
                      ў аўтарытарную дзяржаву. У справаздачы рэзка асуджаюцца 
                      таксама Злучаныя Штаты за негуманнае абыходжаньне з затрыманымі 
                      па абвінавачаньні ў тэрарызьме, у прыватнасьці на вайсковай 
                      базе Гуантанама. «Human Rights Watch» сьцьвярджае, 
                      што ў рамках барацьбы з тэрарызмам Захад усё часьцей скарыстоўвае 
                      недапушчальныя мэтады і ў сэнсе правоў чалавека дае астатняму 
                      сьвету не найлепшы прыклад. 
                       
                       
                       Кастусь Бандарук 
                      Радыё Свабода  
                     |