Сярод прадстаўнікоў мэдыяў, якія беспасярэдне 
                      сочаць за падзеямі на Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, 
                      якая праходзіць у гэтыя дні ў Страсбуры, ёсьць і беларуская 
                      журналістка Ірына Халіп. Мы зьвязаліся зь ёю і папрасілі 
                      выказаць свае ўражаньні ад таго, што адбываецца ў Страсбуры. 
                     (Халіп:) «Цікавасьць да беларускага пытаньня вельмі высокая. 
                      Шчыра кажучы, я не назірала такога нават тады, калі ў 2004 
                      годзе абмяркоўваўся даклад Хрыстаса Пургурыдэса аб зьніклых 
                      у Беларусі. Цяпер у кулюарах абмяркоўваюць толькі два пытаньні: 
                      дэбаты па Чачні і дэбаты па Беларусі.  
                    Палітычны расклад такі: расейская дэлегацыя рыхтуе сябе 
                      на ролю беларускага адваката. Гэта нават прагучала тут два 
                      дні таму. Кіраўнік расейскай дэлегацыі Канстанцін Касачоў 
                      сказаў, што калі беларускі сьпікер Канаплёў усё ж не прыедзе 
                      ў Страсбур, дык тады расейскія дэпутаты будуць мець права 
                      размаўляць з трыбуны ад імя Беларусі.  
                    Адзін з заходніх парлямэнтароў спытаў у спадара Касачова, 
                      ці можа кіраўнік расейскай дэлегацыі ўзяць асабіста на сябе 
                      ролю адваката Лукашэнкі. Касачоў адказаў, што ён можа быць 
                      адвакатам не Лукашэнкі, а Беларусі. Тады ў Касачова спыталі 
                      пра тое, ці ўпэўнены ён, што Беларусі патрэбныя такія адвакаты, 
                      як ён. Расейскі кіраўнік вырашыў скончыць дыскусію.  
                    Такім чынам, ёсьць супрацьстаяньне расейскай дэлегацыі 
                      (яна традыцыйна вельмі вялікая) і парлямэнтароў з усіх іншых 
                      эўрапейскіх краінаў, якія гатовыя адстойваць дэмакратыю 
                      ў Беларусі і вельмі жорсткі падыход Эўропы да таго, што 
                      ў Беларусі адбываецца». 
                       
                       
                       Радыё Свабода  
                     |