«Выкладзеныя ў справаздачы эстонскага дэпутата 
                      Андрэса Хэркеля высновы і рэкамэндацыі па Беларусі падзяляе 
                      найбольшая колькасьць ўдзельнікаў зімовай сэсіі Парлямэнцкай 
                      Асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) ў Страсбуры», паведамілі Свабодзе 
                      ў палітычным камітэце Парлямэнцкай Асамблеі. Даклад «Сытуацыя 
                      ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў» будзе прадстаўлены 
                      Асамблеі заўтра а 10-й раніцы. Напярэдадні тэкст дакумэнту 
                      быў распаўсюджаны сярод парлямэнтароў для азнаямленьня. 
                    Як вынікае з дакладу Андрэса Хэркеля, «патэнцыял для дэмакратычных 
                      пераўтварэньняў у часе маючых адбыцца сакавіцкіх выбараў 
                      невялікі, паколькі рэжым Лукашэнкі сканцэнтраваў у сваіх 
                      руках усе галіны ўлады».  
                    Тым ня меней, «значэньне маючых адбыцца выбараў ня можа 
                      быць недаацэненае».  
                    У дакумэнце адзначаецца важнасьць згуртаванасьці апазыцыі 
                      ў часе вылучэньня агульнага кандыдату і выказваецца надзея, 
                      што падобная згуртаванасьць праціўнікаў рэжыму можа быць 
                      вельмі эфэктыўнай пасьля выбараў;  
                    надаецца ўвага ўнікальнасьці сытуацыі з адзіным кандыдатам, 
                      «які мае шанцы прасунуць дэмакратыю сярод электарату, узьняць 
                      імідж дэмакратычных сілаў у Беларусі, а, з другога боку, 
                      прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасьці ў справе далейшай 
                      падтрымкі дэмакратыі ў краіне»;  
                    выказваецца надзея, што будучыя выбары стануць каталізатарам 
                      для ўсё яшчэ нескаардынаваных паміж сабой намаганьняў міжнародных 
                      арганізацыяў.  
                    У якасьці галоўнай перашкоды для прасоўваньня дэмакратыі 
                      ў Беларусі міжнародная супольнасьць бачыць абмежаваны доступ 
                      насельніцтва краіны да інфармацыі, гаворыцца ў дакумэнце, 
                     
                    падкрэсьліваецца, што асноўнае значэньне будзе па-ранейшаму 
                      надавацца замежнаму вяшчаньню на Беларусь;  
                    адзначаецца неабходнасьць ўсебаковай падтрымкі беларускіх 
                      дэмакратычных сілаў, запрашэньня іхных прадстаўнікоў на 
                      сэсіі ПАРЭ, іншыя міжнародныя сустрэчы;  
                    вітаюцца спробы правядзеньня самых розных мерапрыемстваў 
                      па пытаньнях дэмакратызацыі Беларусі, уключна з маючай адбыцца 
                      канфэрэнцыяй у Празе;  
                    выказваецца мэтазгоднасьць аднаўленьня працы Парлямэнцкай 
                      тройкі, якая б засяродзіла сваю ўвагу ня толькі на прэзыдэнцкіх 
                      выбарах 2006, але і на парлямэнцкіх 2008;  
                    рэкамэндавана, каб Эўразьвяз у межах сваёй кампэтэнтнасьці 
                      у пытаньнях візавай палітыкі і іміграцыі, надаў бы больш 
                      увагі візавым запытам з боку беларускіх грамадзянаў і студэнтаў, 
                      а таксама распаўсюдзіў бы візавую забарону на большую колькасьць 
                      беларусаў, якія актыўна зьвязаныя з рэжымам;  
                    рэкамэндавана, каб Эўразьвяз зрабіў актыўныя захады па 
                      ідэнтыфікацыі і замаражваньні замежных банкаўскіх рахункаў 
                      і актываў, якія належаць прэзыдэнту Лукашэнку.  
                    Ацэньваючы цяперашнюю палітычную сытуацыю ў Беларусі, ПАРЭ 
                      ня бачыць магчымым аднавіць гасьцявы статус гэтай краіны 
                      ў арганізацыі.  
                    ПАРЭ патрабуе ад беларускіх уладаў зьмяніць цяперашнюю 
                      палітыку і наблізіцца да эўрапейскіх стандаратаў. У гэтым 
                      зьвязку праведзеныя ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі 
                      маючыя адбыцца выбары могуць стаць тым важным момантам, 
                      які будзе улічаным ПАРЭ.  
                       
                       Радыё Свабода  
                     |