Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прыняла 
                      рэзалюцыю па Беларусі, у якой выказалася за ізаляцыю рэжыму 
                      Аляксандра Лукашэнкі й заклікала падтрымаць дэмакратычную 
                      апазыцыю. 
                     Як паведаміў «Свабодзе» спэцыяльны дакладчык па Беларусі 
                      эстонскі парлямэнтар Андрэс Хэркель, ён вельмі задаволены 
                      рэакцыяй сваіх калегаў у ПАРЭ на ягоную сёньняшнюю справаздачу. 
                      Ён заявіў, што таксама добра прайшлі абмеркаваньне і галасаваньне 
                      па рэзалюцыі.  
                    (Хэркель: ) «Было крыху крытыкі з боку расейскай дэлегацыі 
                      і эўрапейскіх левых, якія сказалі, што ўсё гэта вытрымана 
                      ў змрочных танах. Аднак я лічу, што нічога пазытыўнага ў 
                      Беларусі апошнім часам не адбылося. Нават назіраецца нэгатыўная 
                      тэндэнцыя ў галіне юстыцыі — я маю на ўвазе апошні антыграмадзкі, 
                      антыдэмакратычны пакет законаў».  
                    У справаздачы дакладчыка ПАРЭ ўпершыню прагучала прапанова 
                      замарозіць замежныя банкаўскія рахункі й актывы беларускага 
                      прэзыдэнта. Ці рэальна ажыцьцявіць гэта? — пацікавіліся 
                      мы ў спадара Хэркеля.  
                    (Хэркель: ) «Гэта можа быць ажыцьцёўлена, калі Рада Эўропы 
                      гэта падтрымае, бо падобныя выпадкі былі раней. Гэта тычылася 
                      тэрарыстычных арганізацыяў. Аднак у выпадку з Лукашэнкам 
                      мы маем справу са злачынным рэжымам. Я думаю, гэта ўсё адэкватна. 
                      На першым чытаньні ў палітычным камітэце была прапанова 
                      зьняць гэты пункт, аднак прапанова была ўсё роўна падтрымана 
                      большасьцю галасоў».  
                    Паводле спадара Андрэса Хэркеля, у канчатковую рэзалюцыю 
                      ўвойдуць некалькі дадатковых прапановаў, зь якімі ў часе 
                      дэбатаў выступілі некаторыя парлямэнтары, пераважна сябры 
                      камітэту культуры і адукацыі. Адзін зь іх, галяндзкі дэпутат 
                      Бэрт Ван Вінзэн, заявіў:  
                    (Ван Вінзэн: ) «Асабіста мае прапановы маюць на ўвазе пашырэньне 
                      кантактаў зь Беларусьсю на ўзроўні грамадзянскай супольнасьці. 
                      Гэта кантакты розных грамадзкіх групаў — культурніцкіх, 
                      студэнцкіх, спартовых. Нават пры байкоце рэжыму Лукашэнкі 
                      яны не павінны спыняцца. Я сказаў пра гэта вельмі выразна. 
                      І я вельмі задаволены дэбатамі. Мне ўдалося коратка паразмаўляць 
                      з прэзыдэнтам ПАРЭ, маім суайчыньнікам, Рэнэ ван дэр Ліндэнам, 
                      і ён даў таксама вельмі высокую ацэнку справаздачы. Цяпер 
                      мы чакаем рэакцыі з боку Камітэту міністраў, а таксама рэакцыі 
                      з боку Рады Эўропы, Эўразьвязу, АБСЭ».  
                    Нашы суразмоўцы мяркуюць, што большасьць краінаў-сябраў 
                      Рады Эўропы і іншых эўрапейскіх арганізацыяў маюць падтрымаць 
                      гэты дакумэнт.  
                       
                       
                       Радыё Свабода  
                     |