Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы заклікала 
                      да міжнароднай ізаляцыі аўтарытарнага рэжыму Аляксандра 
                      Лукашэнкі і падтрымала дэмакратычную апазыцыю ў Беларусі. 
                     У часе сёньняшняй сэсіі ў Страсбуры Асамблея прыняла спэцыяльную 
                      рэзалюцыю па Беларусі. Яна грунтавалася на справаздачы, 
                      падрыхтаванай прадстаўніком Азэрбайджану ў ПАРЭ Асімам Малазадэ. 
                     
                    81 дэпутат былі «за», 15-супраць, а 4 ўстрымаліся. У рэзалюцыі, 
                      у прыватнасьці, асуджаецца парушэньні правоў чалавека ў 
                      Беларусі. «У адрозьненьне ад усіх астатніх эўрапейскіх краін, 
                      Беларусь не выконвае неабходныя ўмовы ў галіне плюралістычнай 
                      дэмакратыі, вяршэнства закону і павагі да правоў чалавека, 
                      каб стаць сябрам Рады Эўропы»-гаворыцца ў дакумэнце.  
                    У рэзалюцыі адзначаецца неабходнасьць падтрымкі дэмакратычнай 
                      апазыцыі дзеля яе кансалідацыі і заклікаюцца міжнародныя 
                      арганізацыі, уключна з Эўразьвязам і АБСЭ, выпрацаваць сумесную 
                      стратэгію дапамогі дэмакратычнаму працэсу ў Беларусі.  
                    Асамблея заклікала пашырыць сьпіс чыноўнікаў беларускага 
                      кіраўніцтва, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу. 
                     
                    У часе сэсіі ПАРЭ дакладчык палітычнага камітэту Рады Эўропы 
                      ў справах Беларусі Андрэс Хэркэль заявіў:  
                    (Хэркель: ) «Як нам усім вядома, на жаль, Беларусь — адзіная 
                      краіна ў Эўропе, якая, у адрозьненьне ад іншых, не выконвае 
                      стандартаў дзеля таго, каб стаць сябрам нашай дэмакратычнай 
                      супольнасьці. ...Перш за ўсё я хачу згадаць так званы антырэвалюцыйны 
                      закон, а дакладней — цэлы пакет розных законаў. Мне вельмі 
                      не падабаецца сама фармулёўка «антырэвалюцыйны закон». Праўдападобна, 
                      больш трапным быў бы назоў «антыдэмакпратычны закон». Гэта 
                      пакет законаў накіраваных супраць грамадзтва ў цэлым, супраць 
                      усяго беларускага народу».  
                    У часе сэсіі АБСЭ шмат увагі было прысьвечана палітычным 
                      зьнікненьням у Беларусі. Аўтар справаздачы «Зьніклыя людзі 
                      ў Беларусі», дакладчык камітэту юрыдычных справаў і правоў 
                      чалавека Рады Эўропы Хрыстас Пугрурыдэс заклікаў зьбіраць 
                      і захоўваць усю даступную інфармацыю пра гэта.  
                    (Пургурыдэс: ) «Карыстаючыся нагодай, я хачу настойліва 
                      заклікаць усіх беларусаў, якія валодаюць зьвесткамі, датычнымі 
                      зьнікненьня людзей ў Беларусі, перадаць іх мне, альбо ў 
                      сакратарыят юрыдычных спраў і правоў чалавека. Мы хочам 
                      надзейна сабраць гэтую інфармацыю і захаваць яе для скарыстаньня 
                      ў будучыні. Лукашэнка імкліва становіцца на шлях дыктатараў 
                      многіх іншых краінаў».  
                    У прынятай рэзалюцыі заклікаецца да правядзеньня незалежнага 
                      расьсьледваньня зьнікненьняў лідэраў апазыцыі і журналіста. 
                     
                    У сэсіі ПАРЭ ўзяў кандыдат на прэзыдэнта аб аб’яднанай 
                      апазыцыі-Аляксандар Мілінкевіч. Выступаючы перад удзельнікамі 
                      сэсіі, ён заявіў, што «на сёньняшні дзень у Беларусі няма 
                      ніякай дэмакратыі» і што «беларускае грамадзтва паралізаванае 
                      страхам».  
                    (Мілінкевіч: ) «Няўжо могуць быць свабоднымі выбары ў сытуацыі, 
                      калі крытыка на адрас ўладаў разглядаецца як атака супраць 
                      дзяржавы? Са студзеня гэтага году такая крытыка лічыцца 
                      крымінальным злачынствам. Ці ж могуць быць свабоднымі выбары 
                      ў краіне, дзе не існуе незалежнага радыё і тэлебачаньня? 
                      Год таму прэзыдэнт краіны парушыў Канстытуцыю і арганізаваў 
                      рэфэрэндум, які дазволіў яму балятавацца на пасаду кіраўніка 
                      дзяржавы на трэці тэрмін. Ні мы, ні дэмакратыі ўсяго сьвету 
                      не прызналі гэтага рэфэрэндуму».  
                    Сёньня Мілінкевіч мае сустрэцца з генэральным сакратаром 
                      Рады Эўропы Тэры Дэвісам, прэзыдэнтам Парлямэнцкай Асамблеі 
                      Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэнам і дакладчыкам Групы за 
                      Дэмакратычную Беларусь Стывэнам Гоўардам. У панядзелак адбудзецца 
                      сустрэча Аляксандра Мілінкевіча з міністрамі замежных спраў 
                      Эўразьвязу.  
                    У сэсіі ПАРЭ ўдзельнічаў таксама старшыня Палаты прадстаўнікоў 
                      Уладзімір Канаплёў. У часе свайго выступленьня ён заявіў, 
                      што «ў Беларусі ня будзе ніякай каляровай рэвалюцыі».  
                    (Канаплёў: ) «Я магу Вас запэўніць, што рэвалюцыі 
                      ў Беларусі не атрымаецца: ні аранжавай, ні джынсавай, і 
                      ніякай іншай. Проста народ гэтага не падтрымае. Мы не разумеем, 
                      а магчыма і разумеем, за што вы атакуеце Рэспубліку Беларусь. 
                      У нашай краіне сытуацыя ня горшая, а ў многім нават лепшая, 
                      чым ў іншых рэгіёнах. Магчыма за тое, што мы не становімся 
                      на калені перад Злучанымі Штатамі. А што з таго, калі станем 
                      на калені? Што Эўропа выйграе ад гэтага?»  
                    У якасьці адзінага дэлегата Парлямэнцкай Асамблеі беларускае 
                      кіраўніцтва падтрымаў сябра расейскай дэлегацыі, лідэр Лібэральна-дэмакратычнай 
                      партыі Расеі Ўладзімір Жырыноўскі.  
                     
                      Радыё Свабода 
                     |