У польскім Сэйме створаная «Дэпутацкая 
                      група на карысьць салідарнасьці зь Беларусьсю». Яе сябры 
                      — а гэта дэпутаты і кіруючай партыі, і апазыцыі — маюць 
                      намер актывізаваць працу польскага парлямэнту і парлямэнтаў 
                      суседніх дэмакратычных краінаў у справе ціску на цяперашнія 
                      беларускія ўлады, каб яны паважалі правы грамадзянаў. 
                     Дэпутатская група на карысьць салідарнасьці зь Беларусьсю 
                      паўстала з ініцыятывы дэпутатаў буйнейшай апазыцыйнай фракцыі «Грамадзянская плятформа» і дэпутатаў ад кіруючай партыі «Закон і справядлівасьць». Гаворыць адзін з галоўных ініцыятараў 
                      яе стварэньня, дэпутат зь Беласточчыны Робэрт Тышкевіч. 
                     
                    (Тышкевіч: ) «Мы бачым чатыры сфэры парлямэнцкай дзейнасьці, 
                      якія мы маглі б актывізаваць. Па-першае, гэта прыняцьцё 
                      ўсемагчымых рэзалюцыяў у справе парушэньняў правоў чалавека 
                      ў Беларусі. Падаецца, што цяпер у гэтай справе больш актыўны 
                      эўрапейскі парлямэнт, а ня польскі — гэта трэба зьмяніць. 
                      Мы павінны заняць цьвёрдую пазыцыю і ціснуць на рэжым Лукашэнкі. 
                      Па-другое, мы хочам зьвярнуць увагу парлямэнтаў суседніх 
                      дэмакратычных краінаў — Літвы, Латвіі, Украіны — на тое, 
                      што адбываецца ў Беларусі, каб мы разам на міжнароднай арэне 
                      маглі выступаць у гэтай справе.  
                    Па-трэцяе, трэба націскаць на ўрад, каб Польшча больш актыўна 
                      падтрымлівала дэмакратычныя сілы ў Беларусі, адстойвала 
                      правы нашай нацыянальнай меншасьці. І, нарэшце, супрацоўніцтва 
                      зь недзяржаўнымі арганізацыямі».  
                    Спадар Тышкевіч спадзяецца, што да новай парлямэнцкай групы 
                      далучацца дэпутаты ад усіх палітычных сілаў, прадстаўленых 
                      у цяперашнім польскім парлямэнце.  
                    (Тышкевіч: ) «На карысьць гэтага сьведчыць перадусім тое, 
                      што так шмат дэпутатаў былі ў залі паседжаньняў парлямэнту 
                      ў часе ўчорашняга выступу Аляксандра Мілінкевіча, тое, як 
                      яго віталі. Яшчэ зьвярту ўвагу, што група на карысьць салідарнасьці 
                      зь Беларусьсю паўстала з ініцыятывы апазыцыйнай і кіруючай 
                      партыяў. Як бы горача мы не спрачаліся ў парлямэнце што 
                      да нашых унутрыпольскіх справаў, дык калі гаворка ідзе пра 
                      Беларусь, мы разам. Так што я думаю, што ўсё будзе добра». 
                     
                    Сябры групы на карысьць салідарнасьці зь Беларусьсю ўжо 
                      пачалі каардынаваць справы, зьвязаныя з выездам польскіх 
                      дэпутатаў-назіральнікаў на выбары ў Беларусь, а таксама 
                      робяць захады ў справе паскарэньня адкрыцьця беларускага 
                      радыё на тэрыторыі Польшчы. 
                       
                       
                      Аляксей Дзікавіцкі 
                      Радыё Свабода 
                     |