Сёньня ў Страсбуры, каля будынку ПАРЭ, 
                      дзе абмяркоўвалася беларускае пытаньне, каля дзесяці беларусаў 
                      з Бэльгіі і Францыі наладзілі пікет, у часе якога ўручылі, 
                      сярод іншых, расейскаму палітыку Уладзіміру Жырыноўскаму 
                      кніжку пра зьніклых беларускіх апазыцыянэраў. 
                     
                      Чатырохгадзінны пікет арганізавалі сябры Беларускага эўрапейскага 
                      задзіночаньня, якія прыехалі з Бэльгіі — ужо на месцы да 
                      іх далучыліся беларусы што жывуць у Страсбуры.  
                    (Лазарчук: ) «Мы падкрэсьліваем сваёй прысутнасьцю, што 
                      мы — прызнаныя палітычныя імігранты, а гэта значыць, што 
                      ў Беларусі парушаюцца правы чалавека, перасьледуюцца незалежныя 
                      мэдыі, перасьледуюць апазыцыю, ёсьць палітзьняволеныя, не 
                      расьсьледаваныя справы зьніклых. У Беларусі рэжым існуе 
                      дзякуючы расейскай падрымцы, а значыць цяперашнія расейскія 
                      ўлады нясуць за ўсё гэта частковую адказнасьць, падтрымліваючы 
                      рэжым».  
                    Прысутныя трымалі плякаты з надпісамі «Свабоду незалежным 
                      мас-мэдыям»», «Не — палітычным зьнікненьням і арыштам ў 
                      Беларусі!», «Расея, хопіць падтрымліваць Лукашэнку». Пікет 
                      выклікаў зацікаўленасьць журналістаў і палітыкаў, у тым 
                      ліку і з Расеі. Да ўдзельнікаў акцыі, сярод іншых, падыйшоў 
                      расейскі палітык Уладзімір Жырыноўскі.  
                    (Лазарчук: ) «Жырыноўскі вёў сябе цывілізавана, я б сказаў. 
                      Ён адразу сказаў, што ведае, што мы прызнаныя палітычныя 
                      імігранты, але будзе падтрымліваць Лукашэнку. Мы ўручылі 
                      яму кніжкі пра зьніклых на расейскай мове, каб ён перадаў 
                      расейскай дэлегацыі, што знаходзіцца ў Страсбуры». 
                       
                       
                      Радыё Свабода  
                     |