26 студзеня ў Страсбуры, каля будынку ПАРЭ 
                      (Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы), дзе абмяркоўвалася 
                      беларускае пытаньне, каля дзесяці беларусаў з Бэльгіі і 
                      Францыі наладзілі пікет, у часе якога ўручылі, сярод іншых, 
                      расейскаму палітыку Ўладзімеру Жырыноўскаму кніжку пра зьніклых 
                      беларускіх апазыцыянэраў. 
                     
                      Чатырохгадзінны пікет арганізавалі сябры Беларускага эўрапейскага 
                      задзіночаньня, якія прыехалі з Бэльгіі — ужо на месцы да 
                      іх далучыліся беларусы што жывуць у Страсбуры.  
                    (Лазарчук: ) «Мы падкрэсьліваем сваёй прысутнасьцю, што 
                      мы — прызнаныя палітычныя імігранты, а гэта значыць, што 
                      ў Беларусі парушаюцца правы чалавека, перасьледуюцца незалежныя 
                      мэдыі, перасьледуюць апазыцыю, ёсьць палітзьняволеныя, не 
                      расьсьледаваныя справы зьніклых. Беларусі рэжым існуе дзякуючы 
                      расейскай падтрымцы, а значыць цяперашнія расейскія ўлады 
                      нясуць за ўсё гэта частковую адказнасьць, падтрымліваючы 
                      рэжым».  
                    Прысутныя трымалі плякаты з надпісамі «Свабоду незалежным 
                      мас-мэдыям»», «Не — палітычным зьнікненьням і арыштам ў 
                      Беларусі!», «Расея, хопіць падтрымліваць Лукашэнку».  
                    Пікет выклікаў зацікаўленасьць журналістаў і палітыкаў, 
                      у тым ліку і з Расеі. Да ўдзельнікаў акцыі, сярод іншых, 
                      падышоў расейскі палітык Уладзімер Жырыноўскі.  
                    (Лазарчук: ) «Жырыноўскі вёў сябе цывілізавана, я б сказаў. 
                      Ён адразу сказаў, што ведае, што вы прызнаныя палітычныя 
                      імігранты, але я буду падтрымліваць Лукашэнку. Мы ўручылі 
                      яму кніжкі пра зьніклых на расейскай мове, каб ён перадаў 
                      расейскай дэлегацыі, што знаходзіцца ў Страсбуры».  
                       
                       
                      Аляксей Дзікавіцкі 
                      Радыё Свабода 
                    На фото: Страсбург, 24 января 2006 
                       |