Амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі 
                      Джордж Крол у інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што ЗША разам 
                      з Эўразьвязам пільна назіраюць за беларускай выбарчай кампаніяй 
                      і ўжо цяпер выказваюць занепакоенасьць тым, як вядзецца 
                      гэтая кампанія — асабліва аднабаковай інфармацыяй у дзяржаўных 
                      СМІ. Гэта адно зь першых інтэрвію, якое спадар Крол даў 
                      цалкам на беларускай мове. 
                     
                      (Карэспандэнт: ) «Нядаўна намесьнік дзяржсакратара ЗША Дэніэл 
                      Фрыд заклікаў Беларусь правесьці прэзыдэнцкія выбары 19 
                      сакавіка сумленна і справядліва. Наколькі гэтае пытаньне 
                      выбараў у Беларусі (і Беларусі як такой) актуальнае для 
                      амэрыканскай адміністрацыі?»  
                    (Джордж Крол: ) «Гэтае пытаньне вельмі актуальнае для амэрыканскай 
                      адміністрацыі. Я нядаўна быў у Вашынгтоне, удзельнічаў у 
                      сходах амэрыканскіх амбасадараў з Эўропы і Азіі. Там была 
                      размова наконт замежнай палітыкі Злучаных Штатаў. І, як 
                      вы ведаеце, пытаньне пра дэмакратыю зьяўляецца прыярытэтам 
                      нумар адзін для амэрыканскай адміністрацыі. Калі наш дзяржсакратар 
                      Кандаліза Райс была ў Вільні пасьля сустрэчы з прадстаўнікамі 
                      беларускай грамадзянскай супольнасьці, яна выступіла на 
                      прэсавай канфэрэнцыі і сказала, што гэтыя выбары ў Беларусі 
                      і ўвогуле дэмакратызацыя Беларусі вельмі важныя ня толькі 
                      амэрыканскай адміністрацыі, а таксама і Эўразьвязу.  
                    Як вы ведаеце, у гэтай сустрэчы прыняў удзел Хаўер Саляна, 
                      кіраўнік зьнешняй палітыкі Эўразьвязу. І ён таксама заявіў, 
                      што за дэмакратычнымі працэсамі — і асабліва выбарамі — 
                      мы ўсе будзем зь неабходнай увагай сачыць за імі, за падзеямі 
                      і сытуацыяй у Беларусі. Я асабіста ведаю, што дзяржсакратар 
                      Кандаліза Райс і мой прэзыдэнт Джордж Буш вельмі зацікаўленыя 
                      гэтымі справамі, асабліва сытуацыяй у Беларусі. Ім дзіўна, 
                      як краіна, якая знаходзіцца ў цэнтры Эўропы, не ідзе шляхам 
                      суседніх краінаў. Так, самім беларусам належыць шукаць і 
                      абіраць свой шлях. Куды: да дэмакратыі, эканамічнага росквіту 
                      і гэтак далей. Ёсьць розныя шляхі, патрэбная інфармацыя 
                      з розных пунктаў погляду, і ня толькі з боку ўлады. Вельмі 
                      карысна для народу ведаць усе погляды і выбіраць. Для гэтага 
                      вельмі патрэбныя незалежныя сродкі масавай інфармацыі». 
                     
                    (Карэспандэнт: ) «На сёньня доступ беларусаў да незалежнай 
                      інфармацыі, праз ускладненьне распаўсюду недзяржаўных газэтаў, 
                      істотна зьменшыўся. Гэта адбылося якраз перад выбарамі». 
                     
                    (Крол: ) «Так, і гэта вельмі турбуе ня толькі амэрыканцаў 
                      і эўрапейцаў, але і ўсіх людзей, якія хочуць не дыктаваць 
                      нешта беларускаму народу, а чакаюць, каб былі справядлівыя 
                      магчымасьці для беларусаў зрабіць свой выбар».  
                    (Карэспандэнт: ) «Прадстаўнік ЗША ў АБСЭ вітаў запрашэньне 
                      ў Беларусь на прэзыдэнцкія выбары назіральнікаў ад АБСЭ 
                      — а ці будуць накіраваныя ў Беларусь амэрыканскія назіральнікі?» 
                     
                    (Крол: ) «Гэта залежыць ад краінаў-удзельніцаў АБСЭ. Як 
                      гэта было раней, у 2004 годзе, тады былі амэрыканцы, якія 
                      бралі ўдзел у назіраньні АБСЭ на тэрыторыі Беларусі. Гэта 
                      былі амэрыканцы з розных арганізацыяў. Як цяпер АБСЭ арганізуе 
                      гэтае назіраньне, мы пабачым».  
                    (Карэспандэнт: ) «Спадар амбасадар, учора ў Страсбуры адбылася 
                      дыскусія наконт перадвыбарчай сытуацыі ў Беларусі ў Парлямэнцкай 
                      асамблеі Рады Эўропы. Магчыма, вы сачылі за яе вынікамі, 
                      за рэзалюцыяй, у якой былі выказаны жорсткія падыходы да 
                      беларускіх уладаў. Як вы паставіліся да гэтай пазыцыі эўрапейскай 
                      арганізацыі?»  
                    (Крол: ) «Пазыцыя ўлады ЗША бліжэйшая да Эўразьвязу. Мы 
                      пабачым, што будзе ў сакавіку. Але ўжо цяпер ёсьць занепакоенасьць 
                      з боку Злучаных Штатаў і Эўразьвязу тым, як прэзыдэнцкая 
                      кампанія тут, у Беларусі, вядзецца — асабліва тым, як аднабакова 
                      асьвятляюць яе дзяржаўныя СМІ. Што да вынікаў гэтых выбараў, 
                      то мы пабачым, якая рэакцыя будзе. Зразумела, што гэта актуальнае 
                      пытаньне для амэрыканскіх і эўрапейскіх уладаў. У гэтым 
                      часе пазыцыі ЗША і Эўрапейскага Зьвязу супадаюць, гэта адзіная 
                      пазыцыя наконт дэмакратычных працэсаў у Беларусі. Цяпер 
                      мы на ўсіх узроўнях кантактаў зь беларускімі ўладнымі фігурамі 
                      размаўляем наконт таго, што ім трэба выконваць усе нормы 
                      і стандарты АБСЭ для правядзеньня выбараў справядліва і 
                      сумленна». 
                       
                       
                      Радыё Свабода   |