Сёньня ў вашынгтонскім бюро Радыё Свабода 
                      адбыўся брыфінг на тэму «Беларусь напярэдадні надыходзячых 
                      выбараў». Пра сытуацыю ў Беларусі амэрыканскім журналістам, 
                      палітыкам і навукоўцам распавядалі Сьвятлана Завадзкая — 
                      жонка зьніклага журналіста Дзьмітрыя Завадзкага, палітычная 
                      актывістка Вольга Стужынская і журналістка агенцтва БелаПАН 
                      Марына Рахлей. 
                     Сьвятлана Завадзкая нагадала, што дагэтуль не дасьледаваная 
                      справа яе мужа, скрадзенага ў ліпені 2000 году. Яна прыгадала 
                      загадкавыя забойствы журналістаў Вераніка Чаркасавай і Васіля 
                      Гроднікава. Завадзкая распавяла пра сваю ініцыятыву стварэньня 
                      беларускага фонду абароны журналістаў. Яна, у прыватнасьці, 
                      сказала:  
                    (Завадзкая: ) «Сёньня Беларусь знаходзіцца на гістарычным 
                      парозе. У сакавіку адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. І гэта 
                      — апошні шанец дэмакратычных сілаў Беларусі зьмяніць сытуацыю 
                      ў нашай краіне. Зараз ёсьць адзіны кандыдат ад дэмакратычных 
                      сілаў.  
                    Але галоўная праблема ў Беларусі — гэта праблема альтэрнатыўнай 
                      інфармацыі. Мы ня можам данесьці да кожнага грамадзяніна 
                      краіны інфармацыю пра адзінага кандыдата: што ён ёсьць, 
                      хто ён такі, што ён за чалавек.  
                    Я, жывучы ў сваёй краіне, ужо сёньня магу сказаць, што 
                      выбары ня будуць дэмакратычнымі і свабоднымі. Ужо цяпер 
                      перадвыбарчая кампанія вельмі несправядлівая.  
                    Журналісты ў Беларусі, часам выпускаючы чарговы артыкул, 
                      проста рызыкуюць сваім жыцьцём. У мяне ўзьнікла ідэя стварэньня 
                      фонду дапамогі незалежным журналістам. Журналісты з-за таго, 
                      што ім трэба карміць сем'і, не павінны ісьці ў лукашысцкія, 
                      дзяржаўныя СМІ.  
                    За гады пасьля зьнікненьня майго мужа я прайшла сем колаў 
                      пекла і, магчыма, як ніхто іншы, ведаю, што трэба журналістам 
                      і іх сем'ям, калі яны патрапляюць у бяду, калі іх абкладаюць 
                      велізарнымі штрафамі, калі іх родных выкрадаюць і забіваюць». 
                     
                      Радыё Свабода  
                     |